Сабраць робата, стварыць ветрагенератар і напісаць музыку можна ў мульціцэнтры “Совушка” ў Гродне

|

У “Совушкі” ёсць “сястрычка” ў Сувалках

 

Пачалася гісторыя “Совушкі” з супрацоўніцтва абласной бібліятэкі імя Карскага з бібліятэкай імя Марыі Канапніцкай у Сувалках. Плёнам сумеснай працы стаў праект трансмежнага супрацоўніцтва, які ў 2013 годзе быў ухвалены Еўрасаюзам і атрымаў фінансаванне на стварэнне двух аднолькавых мульціцэнтраў па абодва бакі мяжы.

 

“Совушка” прапануе новыя веды і новыя способы іх здабываць

 

Мульціцэнтр прапануе восем адукацыйных праграм, што рэалізуюцца ў форме “лабараторый”. Выбіраць ёсць з чаго – музыка, мастацтва, творчасць з Lego, робататэхніка і навакольнае асяроддзе ці навука – тут кожны знойдзе цікавосткі для сябе. Лабараторныя заняткі прадугледжваюць вялікую долю самастойнай працы навучэнцаў, што мае дапамагчы ім навучыцца ўзаемадзейнічаць з высокатэхналагічным інтэрактыўным абсталяваннем. Напрыклад, тут можна будзе самастойна сабраць і запраграмаваць робата ці самалёт, або стварыць ветрагенератар. Побач з навучэнцамі заўсёды будзе кансультант, які пры неабходнасці дапаможа разабрацца са складанасцямі ці выправіць памылкі.

Заняткі ў лабараторыях плануецца праводзіць у групах па 10-12 асобаў. Кожны занятак распрацаваны як аўтаномная частка праграмы і будзе доўжыцца прыкладна паўтары гадзіны. За гэты час і паўстане вынік тэхнічнай творчасці.

 

Акрамя групавых заняткаў можна індывіуальна наведаць адзін ці некалькі з іх па любой абранай тэме. Напрыклад, адзін раз – сканструяваць матацыкл, а наступным разам – скласці музыку. Індывідуальныя заняткі ў мульціцэнтры плануюць праводзіць на платнай аснове, а атрыманыя такім чынам сродкі скіроўваць на абслугоўванне і аднаўленне абсталявання ці пакупку новых камп’ютарных праграм.

 

Каго чакае “Совушка”?

 

Навучэнцам мульціцэнтра можа стаць любы гарадзенец. Напрыклад, крэатыўная лабараторыя Lego запрашае на заняткі тых, хто мае 3-4 гады, вывучаць чалавека, яго дом і прыроду запрашаюць дзяцей 5-8 год, навучэнцам астатніх лабараторый можна стаць прыкладна ад 10 гадоў. Верхнюю планку веку для цікаўных даследчыкаў тут не ставяць. У новым мульціцэнтры могуць вучыцца і дарослыя – напрыклад, пенсіянеры ці беспрацоўныя. Таксама важнай групай навучэнцаў “Совушкі” стануць настаўнікі.

 

Наведаць мульціцэнтр змогуць таксама гарадзенцы з абмежаванымі магчымасцямі – спецыяльны гусенічны пад’ёмнік даставіць на другі паверх наведвальнікаў-вазочнікаў.

 

Плануецца, што за год цэнтр наведаюць не менш за 3 000 жыхароў горада.

 

Асвоіць праграмаванне за месяц. У Гродне з’явілася школа для маленькіх праграмістаў

 

 

Калі пачнуцца заняткі?

 

Зараз заняткі ў лабараторыях мульціцэнтра праводзяцца ў тэставым рэжыме. Сюды запрашаюць групы дзяцей з дзіцячых садкоў ці школьнікаў. Графік рэгулярных заняткаў толькі распрацоўваецца і узгадняецца. А заняткі па сталым раскладзе пачнуцца тут пасля навагодніх святаў.

 

Фота Вольгі Мілавай