Нашумелую кнігу Андрэя Чарнякевіча “Нараджэнне беларускай Гародні” прэзентуюць у “Цудоўні”

|

Назва кнігі, безумоўна, інтрыгуючая і правакацыйная. Гаворка ў ёй ідзе пра паўстанне беларускай свядомасці як з’явы нацыянальнага маштабу, што стала неабходнай перадумовай для пераходу да мэтанакіраванай барацьбы за нацыянальнае існаванне.

 

Андрэю  Чарнякевічу не прывыкаць ставіць рубам нязручныя пытанні і глядзець на гісторыю з незвычайных ракурсаў. Некалькі год таму яго гучна звольнілі з Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта пасля цкавання з боку ўладаў за “няправільна напісаную” гісторыю роднага горада.

 

“Нараджэнне беларускай Гародні” трапна акрэслівае і паказвае тыя супярэчлівыя варункі эпохі, у якіх павінны былі прабіваць сабе дарогу першыя носьбіты беларускай самасвядомасці. Андрэй Чарнякевіч нібы разрэзвае рэальнасць стогадовай даўніны і спрабуе знутры зразумець характар і сутнасць развіцця беларускае справы.

 

Тут выдатна адлюстроўваецца атмасфера часу, у якой існавалі беларускія актывісты – моцны ціск знешніх сілаў у выглядзе бальшавікоў і палякаў, тонкая гульня дзеля ўмацавання пазіцый з літоўцамі і ўкраінцамі. Паднята і такая тэма, як жорсткая канкурэнцыя ў грамадстве ў варунках шалёнага ціску з боку прарасійскіх і прапольскіх колаў.

 

Карціна, якая паўстае ў даследаванні Андрэя Чарнякевіча, – даволі супярэчлівая і нязвыклая. Аўтар адмовіўся ад пафаснай рыторыкі, паказваючы вельмі жорсткую рэчаіснасць, у якой дзейнічалі беларускія актывісты ў Гародні. Тут былі як светлыя, так і цёмныя бакі існавання – здрады, шпегаўства, алкаголь…

 

Андрэй Чарнякевіч у нязмушанай форме, без катэгарычных уласных ацэнак, з апорай на факты і крыніцы дае магчымасць спасцігнуць сутнасць эпохі. На прэзентацыі вы зможаце яшчэ лепей зразумець погляды аўтара на гістарычныя падзеі і задаць яму любыя пытанні.

 

Таксама тут можна будзе набыць кнігу па зніжаных коштах наўпрост ад выдаўца і атрымаць аўтограф аўтара. Гэта будзе някепскі інтэлектуальны падарунак пад Новы год.


Прыходзьце, бо будзе цікава! Пазнаёмцеся, якой была беларуская Гародня да 1939 года насамрэч.

align=”” alt=”Андрэй Чарнякевіч Нараджэнне беларускай Гародні” width=”720″ height=”509″ >