Кожны дзень з жыцця горада варты памяці. Выйшаў гістарычны каляндар ад Віктара Саяпіна

|

Распавядаючы пра гісторыю календара, Віктар Саяпін успамінаў і сваю шматгадовую працу ў архівах, і працы калегаў гісторыкаў і краязнаўцыў – Алеся Госцева і Уладзіміра Шведа, а таксама не забыў пра прафесара Аляксея Пяткевіча, які ўжо шмат гадоў выдае настольныя гарадзенскія календары.

 

Пад час прэзентацыі можна было даведацца шмат цікавага і пра аўтара календара – Віктара Саяпіна. Хаця пра сябе ён расказваў мала, старонкі яго біяграфіі адлюстроўваліся ў час выступу на слайдах

 

Нагодай для “каляндарнай”, штодзённай сістэматызацыі працы, ён называе званок з гарадзенскага радыё, калі вядоўца Надзея Кімежук прапанавала падрыхтаваць такую інфармацыю для перадач. Так што спачатку каляндар з’явіўся ў аўдыёверсіі, а пазней Віктар разам з выдаўцом Аляксандрам Рыжым вырашыў падрыхтаваць і фота-версію. Тым больш, што ўнікальных здымкаў, каторыя хочацца паказаць гарадзенцам, Віктар мае шмат. Ён даўно марыць выдаць фотаальбом пра Гродна ХХ стагодзя, але пакуль на такое не стае фінансаў выдавецтва.

 

Пяць прычын прыдбаць Гарадзенскі каляндар ад Віктара Саяпіна

 

На здымку – каманда, што працавала над выданнем. Злева на права: Аляксандр Рыжы, кіраўнік выдавецтва “Юрсапрынт”, Віктар Саяпін, аўтар календара, Ігар Чарнякевіч – навуковы рэдактар


Аляксандр Рыжы, кіраўнік выдавецтва “Юрсапринт”, адзначыў, што ў гэтым годзе выдавецтва прайшло шлях ад  “Беларускага часу” Святланы Куль да “Гарадзенскага календара“ Віктара Саяпіна. Хаця разлічваць даводзіцца толькі на ўласныя сродкі, кнігі гарадзенскіх гісторыкаў выдаваліся, хай сабе і невялікімі накладамі. Дарэчы, гэта, разам з эксклюзіўнасцю інфармацыі, робіць кнігі выдавецтва рарытэтнымі ад самага пачатку. Госці ўзгадалі, напрыклад, што ўвесь тыраж кнігі “50 гродненских улиц” Віктара Саяпіна раскупілі на прэзентацыі.

 

Прэзентацыя календара на 2016 год – апошняя імпрэза года бягучага. У новым годзе аматараў гарадзенскага краязнаўства чакаюць новыя кнігі і новыя сустрэчы з гісторыяй


Распавядаючы пра далейшыя планы, Віктар Саяпін і Аляксандр Рыжы казалі пра актуальнасць выдання беларускамоўнай версіі сёлетняга календара, а таксама пра намеры працягваць традыцыю “аўтарскіх” гарадзенскіх календароў. У планах таксама выданне кнігі пра Гродна і гарадзенцаў, для якой ужо адабрана паўтысячы фотаздымкаў.

 


 

Фота аўтаркі