Андрэй Чарнякевіч: Патрэбная прэпарацыя нацыянальнага руху

Нашумелую кнігу Андрэя Чарнякевіча “Нараджэнне беларускай Гародні” прэзентуюць у “Цудоўні”


— Перадусім хачу павіншаваць з нядаўнім выхадам кніжкі “Нараджэнне беларускай Гародні”. За восень яна ўжо другая. Першай стаў біяграфічны даведнік міжваеннай Гародні. Як суаднясеце гэтыя две работы? Якую галоўную думку хацелася данесці чытачу?

 

— Вельмі проста: дыялектычна, гэта спроба беларускага засваення гарадскога асяроддзя.

 

— Адкуль наогул імкненне знаходзіць беларускасць у беларускім горадзе? Падаецца, няма адпаведных работ “Нараджэнне Польскага Вроцлава” або “Нараджэнне літоўскай Вільні”?

 

— Мая работа прысвечана беларускасці ў варыянце палітычнага руху. Пра этнічнае вымярэнне тут не ідзецца, хутчэй пра нацыянальнае беларускае. Калісьці давялося размаўляць з рэдактарам-патрыётам, які на маё пытанне “У чым беларускасць горада?” адказаў “Таму што Гародня ў межах Беларусі”. То бок, калі б горад знаходзіўся ў межах Польшчы ці Савецкага Саюзу, ягоная беларускасць раўнялася б нулю? Мне такі адказ недаспадобы, хоць у нечым і праўдзівы. Але можа беларускасць захоўваецца ў нейкіх іншых прыкметах? Вось гэта я хацеў высветліць.

 

 То бок, у такім сэнсе беларускасць можна шукаць і ў Магілёве, і ў Мінску?

 

— Вядома! Нават больш, я хацеў бы напісаць гісторыю рускай Гародні. Нам такая кніжка не менш патрэбная. Калі б мы пабачылі вытокі расійскасці, яшчэ ад тых маскалёў, якія былі тут палоненыя з часу Лівонскай вайны і г.д., традыцый расійскай супольнасці ў міжваенны час, зніклі б шмат якія ілюзіі, і мы лягчэй ставіліся б да некаторых стэрэатыпаў. Тое самае з гісторыяй нямецкай, польскай, габрэйскай Гародні…

 

— Зараз Вы што шмат часу праводзіце ў Познані…

 

— У Познані зараз пішу працу ў паліталагічным накірунку, дзе спрабую паказаць гісторыю адносінаў беларускага руху да Польшчы. Абмяжоўваюся пакуль перыядам савецка-польскай вайны, да 1921 года. Беларускі рух быў хутчэй працягам расійскай імперскай палітыкі, і ў гэтым сэнсе стаў спадкаемцам антыпольскага ракурсу. Разуменне розніцы ў каштоўнасцях і інтарэсах з Расіяй беларусам прыйшло надта позна…

 

Хутка павінна з’явіцца кніжка пра міжваенную Гародню. Я лічу гэта маральным абавязкам. Калі не здолеем стварыць нейкай пераканаўчай гістарыяграфіі з чытэльнымі вобразамі, вельмі хутка зноў адчуем сябе чужымі ў гэтым горадзе. Гэта ж не такое простае пачуццё прысутнасці ў гістарычным атачэнні!

 

Паралельна дапрацоўваю біяграфічную аповесць пра беларускіх паланафілаў. Галоўны герой — Павел Аляксюк, для большасці малавядомы. Вельмі драматычны сюжэт: ці з Польшчай супрацоўнічаюць толькі беларускія дзеячы-маргіналы, ці гэткімі яны робяцца з-за таго што супрацоўнічаюць з Польшчай?

 

— Як складваецца дзейнасць Цэнтра беларускіх даследванняў, створанага сёлета ў Варшаве, дзе вы таксама заангажаваныя?

 

— Я б яшчэ пачакаў нешта сцвярджаць. Сам польскі бок — Студыўм Еўропы Усходняй паслядоўна адстойвае сваю пазіцыю ў беларускім пытанні. Нас адзінаццаць, ёсць кіраўнік, але пакуль не вызначыліся з агульным алгарытмам працы.

 

 У апошнія гады вы шмат кантактуеце з польскімі даследчыкамі. Наколькі адрозніваецца нашае разуменне гістарычных даследванняў? Ці шмат агульнага?

 

— Няма ніякіх “мы”! Калі гісторык здолеў захапіць сучасны гістарычны мэйнстрым, ён нічым не адрозніваюцца ад заходніх калег. Ёсць сярэдні варыянт, калі чалавек проста доўгі час працуе з польскай гістарыяграфіяй, але ўсё ж па метадалогіі і даследчыцкай ментальнасці бліжэй да папярэдняй школы. Большая частка даследчыкаў рознага ўзросту проста трымаецца нават не пазітывісцкага, а прынцыпа “як ёсць, так і добра”…

 

Маё захапленне выклікаюць калегі, якія займаюцца новым часам, сярэднявеччам. Яны з польскімі калегамі размаўляюць на роўных, а некаторыя нават падаюць добры прыклад, развіваюць дыскусію. Што тычыцца ХХ стагоддзя, тут для беларусаў яшчэ нават не ўсе архівы даступныя! Архіцяжкая праблема, але тым цікавей пра яе разважаць.