У Гродне адкрываецца новае антыкафэ з настолкамі, олдскульнай прыстаўкай і бібліятэкай
З чаго ўсё пачыналася…
Некалькі гадоў таму cябры пачалі збірацца ў Івана дома, каб пагуляць у настольныя гульні. Праз нейкі час стала зразумела, што аматараў настолак становіцца ўсё больш. У той час Іван уладкаваўся педагогам у Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі “Прамень” і гуляў у настольныя гульні з дзецьмі з ДЦП. Туды часам “нелегальна” хадзілі і дарослыя. Але і там з часам стала цесна.
Тады Іван разам з сябрам Паўлам Вераб’ем пачаў ладзіць пятнічныя начныя гульнятэкі: аматары настольных гульняў збіраліся ў падвале па вуліцы Савецкіх пагранічнікаў. Рэкламы не было, інфармацыя пра клуб настольных гульняў распаўсюджвалася праз сацсеткі і сарафаннае радыё. Таму на гульнятэку прыходзілі “свае”, а навічкі хутка станавіліся “сваімі”. Уваход каштаваў 50 тыс. – ахвяраванне на новыя гульні, каву-чай і печыва.
Не ўсе маглі прыходзіць у пятніцу вечарам ды сядзець да раніцы, таму неўзабаве з’явіліся нядзельныя гульнятэкі, што праходзілі з 15.00 да 22.00. Як кажа Іван, туды часцей хадзілі дарослыя з дзецьмі. Цягам дзвюх гадоў “Партал” некалькі разоў хадзіў у паход з настолкамі, удзельнічаў у фестывалях настольных гульняў “Игрокуб”, правёў шмат турніраў. Галоўнае ж – аб’яднаў людзей розных заняткаў і ўзросту. “Партал” – гэта больш, чым клуб настольных гульняў, гэта супольнасць”, – кажа Іван.
… і што атрымалася
Зараз “Партал” будзе існаваць у выглядзе цэнтра адпачынку і развіцця ды працаваць як антыкафэ. За гадзіну знаходжання наведвальнік заплаціць 20 тыс. Заплаціўшы 60 тыс., наведвальнік зможа знаходзіцца ў “Партале” ўвесь дзень.
align=”” alt=”Портал клуб настольных игр антикафе” sub=”У антыкафэ будуць працаваць Іван і Насця” width=”725″ height=”483″ >
У антыкафэ пакуль тры пакоі, хутка скончыцца рамонт чацвёртага. Тут можна будзе пагуляць у 40 розных настольных гульняў, выпіць кавы ці гарбаты з печывам і пачытаць кнігі з бібліятэкі “Партала”. У адным з пакояў будзе стаяць васьмібітная прыстаўка, на якой можна будзе пагуляць у олдскульныя гульні. Праз месяц у антыкафэ з’явіцца wi-fi. Плануюцца святы для дзяцей з удзелам дзіцячай лабараторыі Ximikids. Таксама Іван прадастаўляе пляцоўку для правядзення майстар-класаў і семінараў.
У антыкафэ таксама будуць праходзіць пятнічныя начныя і нядзельныя гульнятэкі. Тут вітаюцца людзі, якія маюць уласныя калекцыі настолак, разлічаных на доўгі час гульні.
Пастаяннымі кліентамі Іван бачыць студэнтаў з факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, які месціцца насупраць. У “Партале” можна будзе нават скарыстацца мікрахвалёўкай, каб разагрэць абед. Сюды ж плануецца перанесці гурток настольных гульняў для дзяцей з ДЦП, які раней працаваў у “Прамені”, а потым закрыўся.
Часткова “Партал” заменіць антыкафэ “Жывы час”. Сюды пераедуць клуб англійскай мовы, вечары кіно, суполка “Family Weekend” і клуб “Мафіі”. Іван кажа, што ўлічыў досвед працы антыкафэ і клуба настольных гульняў “FanAttic”, якія зачыніліся. Краму настольных гульняў “Кубік” канкурэнтам Іван не лічыць, бо яны працуюць у розных нішах. Асноўная дзейнасць “Кубіка” – продаж гульняў, а “Партал” гэтым не займаецца.
“Тэма зараз на пад’еме, – кажа Іван. – Адкрываюцца квэст-румы, развіваюцца інтэлектуальныя гульні. Таму я лічу, што ўсё атрымаецца”.
Рамантавалі ўсёй суполкай
Памяшканне, дзе хутка адкрыецца “Партал”, Іван арэндаваў у дзяржавы. Кватэра была ў жахлівым стане, таму ў праект давялося ўкласці шмат грошай. У памяшканні не было электрыкі і штукатуркі. У мэтах пажарнай бяспекі давялося прабіваць запасны выхад. Тым не менш, Іван стараўся захаваць тое, што было ў нармальным стане – вокны з вінтажнымі зашчэпкамі, дзверы “ледзь не сталінскіх часоў”. Дзверы, дарэчы, адрэстаўравалі і дэкарыравалі ў тэхніцы дэкупажу. З рамонтам Івану дапамагалі сябры і заўсёднікі “Партала”.
Іван палічыў, што пры цяперашняй арэндзе праект акупіцца праз год. Але арэнду ўжо плануюць павысіць. Калі ён не падпіша згоду на павышэнне цаны, то праз два гады дамову з ім могуць разарваць.
Але Іван лічыць, што ў яго ўсё атрымаецца. “Партал” ён называе “любімай справай, якая зможа прыносіць грошы”, а антыкафэ – “рэнтабельнай справай”.
Дзе ў Гродне пагуляць у настолкі? Гульні на любы густ і ўзрост