Атамны варыянт. Гродзеншчына ў планах глабальнай вайны супердзяржаваў учора і сёння
Чытачы, якія паслужылі ў савецкім войску, або прайшлі ў савецкай школе курс грамадзянскай абароны, добра разумеюць сэнс анекдота: “Пытанне – Што рабіць, калі вы пабачылі ўспышку атамнага выбуха? Адказ – Упасці на зямлю, накрыцца прасцінай, і паўзці на могілкі”.
Аднак апошнія гадоў 15 нашыя веды пра небяспеку атамнай вайны істотна прызабыліся. Нават перыядычныя вучэбныя трывогі ў Гродне тычацца не магчымай атамнай вайны, а хутчэй тэхнагеннай катастрофы накшталт вялікай аварыі на вытворчым аб’яднанні “Азот”.
Але новыя рэаліі нашага жыцця і асабліва віток напружанасці паміж Расіяй і заходнімі краінамі прымушаюць узгадаць, як мы ўсе раней рыхтаваліся да атамнай вайны. Тым больш, што сёння сталі даступнымі шматлікія ваенныя планы, абнародаваныя як Пентагонам, так і былымі саюзнікамі СССР па Варшаўскай дамове.
Гродна бамбіць не планавалі, бліжэйшая цэль – Беласток
Найбольш жорстка выглядалі планы атамнай вайны ў канцы 1950-х – пачатку 1960-х гг. Напрыклад, у 1962 г. амерыканскае міністэрства абароны распрацавала план ядзернай бамбардзіроўкі СССР, у выніку якога павінна было загінуць каля 54% насельніцтва краіны саветаў – больш за 100 мільёнаў чалавек.
Непасрэдна Гродна бамбардаваць натаўскія ястрабы не планавалі, а вось на Брэст павінна была ўпасці бомба магутнасцю каля 300 кілатон – гэта амаль ў 20 разоў магутней за бомбу, якую ў жніўні 1945 г. амерыканцы скінулі на Хірасіму. Чаму планавалася атакаваць Брэст – зразумела, бо гэта найважнейшы грузавы перавалачны пункт паміж Польшчай і СССР.
Атамная бамбардзіроўка Японіі
Найбліжэйшай да Гродна мэтай атамнага бомбавага ўдару станавіўся Беласток (бомба магутнасцю 100 кт). Асобныя атамныя зарады натаўскія бамбардзіроўшчыкі меліся скінуць на Баранавічы, Оршу і Быхаў – там знаходзіліся аэрадромы савецкіх стратэгічных бамбардзіроўшчыкаў.
У 1969 г. паўстаў новы план атамнай вайны з краінамі Варшаўскай дамовы. Ён прадугледжваў чатыры варыянты сілы ўдару, у выніку якіх толькі ў краінах сацыялістычнага лагера (без СССР) павінны былі загінуць ад 1,5 да 4 млн. чалавек. Аднак і ў такой “ашчаднай” версіі атамнай вайны бяспеку для Гродна ніхто не гарантаваў – менавіта ў раёне Гродна-Сувалкі-Калініград павінны былі канцэнтравацца войскі другога эшалону наступальнай групоўкі Варшаўскай дамовы, а ў Гродне тады знаходзіліся танкавы полк, шматлікія пяхотныя і іншыя часткі.
Апісваючы кашмар, які збіраліся зладзіць заходнія краіны жыхарам Усходняй Еўропы, падкрэслім таксама, што савецкія вайскоўцы планавалі адказаць натаўцам не менш “дастойна”. З абнародаваных цяпер палякамі дакументаў вядома, што саюзная СССР польская армія павінна была наступаць уздоўж Балтыкі праз Нямеччыну, Данію, Галандыю і Бельгію аж да Ла Манша праз атамную пустыню, якую савецкія бамбардзіроўшчыкі стварылі б на месцы гарадоў Кіль, Амстэрдам, Гамбург і Кале.
Пагранічча – рэальны тэатр ваенных дзеянняў
Як жа карціна выглядае цяпер? Беларусь з’яўляецца саюзнікам Расійскай Федэрацыі і ў выпадку ваеннага супрацьстаяння Расіі з краінамі НАТА можа стаць тэатрам ваенных дзеянняў. Гродзеншчыне можа быць адведзена асаблівая роля, паколькі кут на сутыку межаў Літвы, Польшчы і Беларусі ў Гродзенскім раёне – гэта найбліжэй размешчаная беларуская тэрыторыя да Калінінградскай вобласці Расійскай Федэрацыі.
Стратэгічную важнасць гэтага месца нядаўна падкрэсліў генерал-лейтэнант арміі ЗША Бэн Ходжэнс, камандуючы сіламі ЗША ў Еўропе: “Эту зону мы называем Сувалкская брешь… За очень короткое время [белорусские и российские военные] могут объединиться и заблокировать литовско-польскую границу. И изолировать тем самым трех союзников [Литву, Латвию и Эстонию] НАТО от оставшегося альянса”. Таму пагранічча Літвы, Беларусі і Польшчы – гэта досыць рэальны тэатр ваенных дзеянняў на шчасце яшчэ вельмі малаверагоднай вайны.
Ракета “Ваявода” можа знішчыць увесь Гродзенскі раён
Калі пачынаецца вайна, то сродкаў ужо ніхто не выбірае. Таму можна паспрабаваць спрагназаваць магчымы ядзерны ўдар і па нашым горадзе. Сёння існуе маса анлайн-сімулятараў, якія дазваляюць вывучыць наступствы такой падзеі проста на карце. Мы выкарыстаем сімулятар nuclearsecrecy.com. Ён дае магчымаць у 3D-выглядзе ўявіць працэс і наступствы атамнай бамбардзіроўкі любой кропкі на нашай няшчаснай планеце.
У якасці “кропкі 0” – месца, над якім узарвецца ядзерны боепрыпас, выберам Плошчу Леніна, бо зразумела, што правадыр сусветнага пралетарыяту заўсёды быў самай ненавіснай фігурай для капіталістаў з НАТА і цэліцца ворагі будуць найперш у ягоную асобу.
Найбольш верагоднае выкарыстанне тактычнага атамнага боепрыпасу магутнасцю прыкладна ў 1 кілатону. Гэта толькі 1/16 ад магутнасці бомбы, скінутай на Хірасіму ды Нагасакі, але гэта цэлы мільён кілаграмаў траціла, звычайнай выбухоўкі, калі казаць простымі словамі. У выпадку выбуху такога зарада над Плошчай Леніна загіне 18 тысяч чалавек, яшчэ 40 тысяч атрымаюць апёкі і цяжкія траўмы. Гістарычны цэнтр горада перастане існаваць.
Выбух боепрыпаса магутнасцю у 1 кілатону
Аднак магчымы і сцэнарый, калі з нейкіх прычын Гродна будзе захоплены натаўскімі арміямі раней, чым расіянам удасца прыйсці на дапамогу свайму заходняму саюзніку. Зразумела, што тады мы станем патэнцыйным аб’ектам атамнай атакі ўжо з боку Расіі, бо ў сітуацыі сапраўднай вайны аніхто не будзе лічыцца са стратамі мірнага насельніцтва. Галоўнае, каб загінула як мага болей варожых салдат.
Самы верагодны варыянт – удар ракетамі сярэдняй дальнасці “Іскандэр”, якія размяшчаюцца на рухомых носьбітах, маюць дальнасць палёту 400-500 км і нясуць атамныя боегалоўкі магутнасцю да 50 кт. Такія ракеты ляцяць вельмі нізка, захоўваюць кіруемасць да самага канца і збіць іх надзвычай цяжка. У выпадку, калі такая ракета ўзарвецца над Плошчай Леніна, у горадзе загіне 125 тысяч чалавек, яшчэ амаль 100 тысяч будуць траўмаваны. Ад Гродна застануцца толькі ўскраінныя мікрараёны накшталт Альшанкі. Ды і стаяць гэтыя раёны будуць на ўскраіне атамнай пустыні з радыусам у 5 кіламетраў.
Над Гродна ўзарваўся Іскандэр – 50 кілатон
Самая ж магутная ракета на ўзбраенні Расіі – міжкантынентальны ракетны комплекс “Ваявода”, які павінен нанесці гарантаваны ракетны ўдар па ЗША і, у прынцыпе, пакласці канец сучаснай чалавечай цывілізацыі. Такая ракета наўрад ці некалі ўзарвецца над Гродна, бо і не можа быць на яго нацэлена. Аднак калі б такое адбылося, дык будзе сцёрты з твару зямлі ўвесь Гродзенскі раён, а вецер занясе радыёактыўныя прадукты аж да ваколіц Санкт-Пецярбурга.
Карта радыёактыўных ападкаў над Еўропай пасля выбуха ракеты “Ваявода”
Самым магутным атамным боепрыпасам, які быў узарваны людзьмі, стала так званая “Цар-бома”. Гэтую тэрмаядзерную бомбу, што нават цалкам не ўлазіла ў бомбавы адсек самалёта, узарвалі па загаду Мікіты Хрушчова ў гонар ХХІ З’езда Камуністычнай Партыі ў 1961 г. над астравамі Новай Зямлі. Выбуховая хваля ад гэтай пачвары тройчы абляцела зямлю, святло выбуху было бачна амаль за тысячу кіламетраў, а ядзерны грыб узняўся на вышыню больш за 60 кіламетраў. Такі выбух цалкам знішчыць не толькі Гродна, але і Парыж або Лондан. У выпадку выбуха над Гродна будуць цалкам знішчаны некалькі памежных раёнаў Беларусі, Літвы і Польшчы разам з Беластокам і нават ваколіцамі Вільні. Загінуць каля паловы мільёна людзей, яшчэ столькі ж атрымае цяжкія траўмы.
Лепшы варыянт для беларусаў – жорсткі ўзброены нейтралітэт
Як бачым, атамны ўдар па нашым горадзе ў любым выпадку знішчыць большасць ягоных жыхароў і на многія дзесяцігоддзі зробіць немагчымым жыццё ў Гродне і бліжэйшых ваколіцах. Таму самы лепшы варыянт для ўсіх нас – не дапусціць на нашую тэрыторыю войскі ніякіх іншых дзяржаў, і захоўваць усёй краінай жорсткі ўзброены нейтралітэт, такі, які мае, скажам, Швейцарыя.
Беларусы і так занадта дорага заплацілі за войны розных імперый паміж сабой. Апошняе выказванне Міністра абароны Беларусі аб тым, што “Беларусь ніколі не будзе ўцягнута ў чужыя войны і канфлікты”, пакідае надзею, што атамны сцэнар назаўсёды застаннецца толькі на паперы.
У матэрыяле выкарыстаны звесткі з артыкула Andrzej Fedorowicz. Na linii atomowego strzału // Focus Historia. 2015. Nr. 7–8. S. 30–34.