Краязнаўчы каляндар ад Аляксея Пяткевіча: сотні памятных дат з гісторыі і культуры Гарадзеншчыны

|

Календары ад Аляксея Пяткевіча – настольныя. Выбар на карысць менавіта гэтага фармату ён тлумачыць магчымасцю вызначыць кожны дзень і даць каляндарную інфармацыю больш разгорнута. “Гэты каляндар увесь час на працоўным стале, не тое, што адкрыў і закрыў. Таму ёсць магчымасць запомніць адзначаныя гадавіны ці факты, нават калі першы раз пра іх даведаўся”, – кажа прафесар. Каляндар робіцца толькі па мясцовых матэрыялах, бо ўкладальнік лічыць, што рэгіянальны матэрыял найбольш цікавы праз яго меншую вядомасць.

 

Календары Аляксей Пяткевіч рыхтуе і выдае ўжо сем гадоў. Не зважаючы на гэта, большая частка інфармацыі ў кожным гадавіку абноўленая: “Я сам зацікаўлены, каб інфармацыя кожны раз была разнастайнай і рознабаковай. Гэта робіць каляндар больш цікавым”. Аднак юбілеі знакавых падзей і асоб Гарадзеншчыны ён лічыць вартымі да перыядычнага паўтарэння. Гэтак, у календары заўсёды будзе месца для юбілейных узгадак пра акадэміка Карскага ці вядомага манголазнаўцу акадэміка Восіпа Кавалеўскага, угодкаў бітваў за Навагрудак і Гродна, якія сведчылі пра магутнасць мясцовых замкаў, што выстойвалі напады чужынцаў.

 

Каб укласці такі каляндар, трэба карыстацца мноствам крыніц інфармацыі. Аляксей Пяткевіч ужо мае нават уласную сістэму спасылак у асобных нататніках. Адной з асаблівасцяў складання календара прафесар называе нераўнамернае размеркаванне знакавых падзей у часе: “Бывае, на пэўны дзень выпадае па шэсць памятных дат [фармат старонкі дазваляе змясціць не больш трох], а на іншы не хапае юбілейнага матэрыялу”. У такіх выпадках для афармлення даты бярэцца падзея, што адзначаецца годам, а не пэўным днём.

 

 

Хаця праца над календаром не лёгкая, яна не перастае быць цікавай. “Усё жыццё займаюся краязнаўствам. Каляндар – гэта і мой уласны інтарэс, і частка навуковай і выкладчыцкай працы”, – кажа прафесар. Той важнай мэтай, дзеля каторай штогод ствараецца каляндар, Аляксей Пяткевіч называе патрыятычнае адраджэнне.

 

Выданне не знайшло падтрымкі ў высокіх кабінетах уладаў у Мінску і Гродне. “Бяскрыўдны інфарматар пра мясцовую культуру аказаўся ім не патрэбны”, – кажа Пяткевіч. Таму разлічваць прыходзіцца на ўласныя магчымасці і падтрымку сяброў. Адзін з іх, Станіслаў Суднік, нязменна рэдагуе календары Пяткевіча. Ён робіць таксама макет каляндара, выбірае аздабленне і дадае астранамічную інфармацыю. У 2016 годзе каляндар надрукаваны накладам у 200 асобнікаў.

 

За гады выхаду акрэслілася пэўнае кола ахвотных карыстацца такім календаром. Людзі тэлефануюць загадзя, кажуць, што чакаюць выдання, просяць даслаць ці перадаць для іх асобнік. Аляксей Пяткевіч кажа, што дасылае гадавікі і ў Мінск, і амаль у кожны райцэнтр, хаця рабіць гэта прыходзіцца за ўласныя сродкі.

 

Чытай больш:


Кожны дзень з жыцця горада варты памяці. Выйшаў гістарычны каляндар ад Віктара Саяпіна