Гарадзенскiя дзеці ў патрэбе атрымалі падарункі, пра якія пісалі ў лістах да Дзеда Мароза

|

На працягу двух апошніх месяцаў 2015 года Гарадзенскае дабрачыннае таварыства праводзіла дзве гарадскія акцыі “Я – не одинок” і “Новогоднее чудо 2015”. Яны былі скіраваны на падтрымку дзяцей-сірот, дзяцей-інвалідаў і іншых дзяцей у патрэбе.

Cустрэча дзяцей з навагоднімі персанажамі прайшла ў Гарадзенскім маёнтку “Каробчыцы”. Больш за дзве гадзіны казачныя героi i дзеці разам вадзілі карагоды каля елкі, гулялі ў гульні, адгадвалі загадкі, ратавалі падарункі, выкрадзеныя лісой і ваўком, а таксама дапамагалі Дзеду Марозу і Снягурцы запаліць агні на зялёнай прыгажуні.

Кульмінацыяй свята стала ўручэнне кожнаму дзіцяці падарунка, пра які ён прасіў у лісце да Дзеда Мароза. Акрамя падарункаў кожны атрымаў і салодкія наборы.

– Дзякуючы актыўным гарадзенцам, наша мерапрыемства атрымалася цёплым. Ні адно дзіця не засталося без увагі. Дзякуючы нашым сумесным намаганням мы падарылі дзецям самае важнае – увагу, клопат і цяпло нашых сэрцаў. І нам было прыемна і кранальна чуць ад іх падзякі, – расказала дырэктарка Гарадзенскага дабрачыннага таварыства Антаніна Місюкевіч.

 

Канцом мерапрыемства стала ўзнагароджанне валанцёраў, якія прымалі актыўны ўдзел у дабрачынных акцыях.