Натоўп заўзятараў не дапамог гарадзенскаму “Дынама” прайсці далей у Кубку Беларусі
У Гродне з міліцэйскага “Дынама” вырастае сур’ёзны мініфутбольны клуб
На кану стаяла пуцёўка ў паўфінал Кубка Беларусі. У першым матчы, які праходзіў у Бярозаўцы, “шклавары” апынуліся мацней “міліцыянтаў” з лікам 6:2. У хатнім матчы дынамаўцам трэба было перамагаць як мінімум з розніцай у чатыры мячы, каб прайсці далей у Кубку.
Пры падтрымцы, якую стварылі ў Гродне, “Дынама” павінна было абгульваць суперніка на адным дыханні. Для футбалістаў запрасілі міліцэйскі аркестр, які ў апошні час стаў сапраўдным фан-клубам каманды. Крычалкі, гукі барабана і дудак падтрымлівалі футбалістаў не сціхаючы. Але старт у “Дынама” не задаўся. Ужо да 10-й хвіліны гаспадары прайгравалі з розніцай у два мячы. Сітуацыя ў мясцовай каманды складвалася не лепшым чынам. Толькi пад заслону першай дваццаціхвілінкі дынамаўцы знайшлі ў сабе сілы і да перапынку яшчэ здолелі зраўняць лік.
Шквал нападаў і ўпэўненая гульня ў пачатку другога тайма прынеслі плён гарадзенскай камандзе. За 10 хвілін да канца сустрэчы “Дынама” вяло з лікам 4:2. Гарадзенцам трэба было яшчэ два галы, каб зраўняць лік у серыі. Але шматлікія ўдары і нават зняцце брамніка не дапамагло гаспадарам давесці пачатую справу да канца. У выніку лiк так і застаўся 4:2 на карысць “Дынама”. Але далей у Кубку, за кошт агульнай колькасцi забітых і прапушчаных галоў, прайшоў “Нёман”.
Варта адзначыць, што ў асноўным гульцы супернікаў былі прадстаўнікамi Гродна, якія рэгулярна прымаюць удзел у зімовых і летніх турнірах у горадзе.