Аматары карцінгу ў Гродне адкрылі новы сезон нягледзячы на снег і мароз

Іван у новым годзе прывёў на трэніроўкі свайго дзесяцігадовага сына Ягора, які марыць аб гонках.

 

– Не палохаюць нас ні маразы, ні снег. Займаемся толькі год, сын сам абраў гэты спорт. Ён з ранняга дзяцінства просіць вазіць яго па розных аўтагонках. Від спорту не дарагi, плацім толькі бягучыя выдаткі і тое не кожны месяц. Гэта ў асноўным арэнда і паліва, а так укладанняў пакуль ніякіх.

 

 

Зусім хутка ў Гродзенскай вобласці адбудзецца зімовы этап Кубку, хутчэй за ўсё ён пройдзе на стадыёне ў Шчучыне. Некаторыя гарадзенцы плануюць прыняць у ім удзел. Адзін з такіх асоб – Аляксандр, які займаецца карцінгам з 2007 года. За гэты час ён здолеў стаць прызёрам многіх чэмпіянатаў.

 

 

– Сёння ў нас першая трэніроўка на снезе. Каб запусціць карт на трасу зімой, яго трэба абавязкова “пераабуць”. Усё як і ў вялікіх машынах. Сёння прыйшлі тыя, хто засумаваў па яздзе, гэта ў асноўнын тыя, хто катаецца і летам. Зімовая трэніроўка добрая для практыкі дажджавых гонак. Улетку, калі ідзе дождж, часта атрымліваюцца заносы, а зімой гэта ўсё можна адпрацаваць. Наперадзе ў нас Кубак, плануем там быць у прызёрах.

 

У асноўным на спаборніцтвах катаюцца на італьянскіх картах. Але на гарадзенскай трасе можна ўбачыць і самаробныя. Іх дапускаюць да спаборніцтваў, бо зроблены яны па ўсіх стандартах. Кошт звычайнага італьянскага карта – ад 1600 еўра. Добры апарат будзе каштаваць каля 7000.

 

 

Валерый Шурпакоў – чалавек, дзякуючы якому развіваецца карцінг у Гродне. Ён прысутнічаў на першай сёлетняй трэніроўцы і даваў парады маладым спартсменам. У дадзеным спорце ён з 1979 года.

 

– Трэніруюцца як дзеці ад шасці гадоў, гэтак і дарослыя, якім ужо за 40. У Палацы творчасці дзяцей і моладзі ў нас ёсць навучальныя групы, там займаецца каля 50 чалавек. Ёсць паўпрафесійная каманда з шасці чалавек, якая спансуецца ў асноўным бацькамі. Менавіта гэтыя спартсмены рэгулярна ўдзельнічаюць у рэспубліканскіх спаборніцтвах.

 

Галоўная праблема аматараў карцінгу ў Гродне – тое, што іх від спорту ніяк не фінансуецца. Для гарадскіх уладаў гэта не спартсмены. Больш за 20 гадоў таму людзей літаральна прымушалі ездзіць на спаборніцтвы і пры гэтым усё аплачвалі, а сёння сітуацыя кардынальна іншая – у горадзе няма нават нармальнай пляцоўкі для трэніровак.

 


– Каб гэты від спорту ў Гродне развіваўся, трэба каб яго заўважылі гарадскія ўлады. Калі будзе нармальны картадром, тады будуць і вельмі добрыя ўмовы для трэніровак. Ва ўсім свеце трасы для карцінгу служаць не толькі для аднаго спорту, але і для іншых відаў: мотаспорту, веласпорту і г.д. Можна выкарыстоўваць для аўтамадэлявання, пракату картаў і шмат чаго іншага. Калі будзе ўсё гэта, то тады ўжо можна гаварыць пра нейкае развiццё i акупнасць.


 

Дарэчы, як кажуць удзельнікі трэніроўкі, не ўсё вырашана яшчэ ў гісторыі з канфіскацыяй машын для карцінгу ў гарадзенскага прадпрымальніка. Пракат картаў ля КБМ праіснаваў каля 10 гадоў, але восенню 2015 года падатковая канфіскавала 16 прыватных апаратаў.