Ад чарговага старога дома ў цэнтры Гродна застанецца толькі фасад
Літаральна год таму мы пісалі, што гістарычную забудову па вуліцы Кірава 3, чакае рэканструкцыя. Працу на сябе ўзяла фірма “Нёманбудiнвест”. Планавалася, што ў час рэканструкцыі будзе выканана перапланіроўка паверхаў, на якіх размесцяцца крамы і офісы. Скончыць працы планавалi ў першай палове 2017 года.
Але рэканструкцыя так і не пачалася. У канцы 2015 года стала вядома, што падрадчыкам стаў “Гроднажылбуд”. Пасля даследаванняў спецыялісты прыйшлі да высновы, што пабудова ў аварыйным стане і калі чакаць далей, той будынак можна страціць цалкам.
У выніку было вырашана, што ад дома XIX стагоддзя пакінуць толькі фасад. Справа ў тым, што адбываліся рэгулярныя абвалы столі, а на сценах ўсё большалі расколіны. Пры абвале старая цэгла магла пашкодзіць газавую трубу, якая ішла ўздоўж адной са сцен.
– Гараджане хай не турбуюцца, мы робім усё магчымае, каб захаваць хоць нешта. За працы ўзялася добрая арганізацыя “Гроднажылбуд”. Працуем асцярожна і плануем пакінуць толькі фасад, бо сам будынак у крытычным стане, падмуркі ўжо практычна не трымаюць. Пакідаць яго ў такім выглядзе небяспечна для горада, – распавёў галоўны інжынер “Нёманбудiнвест” Алег Каляцiнскi.
Дом па Кірава, 3 гэта двухпавярховы цагляны будынак са склепам, прыбудовай і двума сенцамі, з бутавым падмуркам і драўлянымі перакрыццямі. Агульная плошча будынка – 616,5 кв.м. Будынак уключаны ў пералік гісторыка-культурных каштоўнасцяў, якія фарміруюць гістарычны цэнтр Гродна.
Дом пабудавалі ў 1878 годзе. У 1894 годзе ў доме размяшчаўся штаб чацвёртага сапёрнага батальёна. У 1903 годзе тут пасялілася сям’я лекара Еўнiна. З 1926 уладальнiк дома Хаім Беластоцкі аддае яго пад склад і краму каланіяльнай прадукцыі, дзе гандлявалі кавай, гарбатай, спецыямі і вінамі.
У пасляваенныя гады дом абсталявалі пад жыллё. Пазней будынак быў прызнаны непрыдатным для пражывання. У 2008 годзе людзей адсялiлi, а старую пабудову выставілі на гарадскi аўкцыён.
Хутчэй за ўсё да лета мы атрымаем абноўлены фасад, а далейшыя будаўнічыя працы могуць расцягнуцца на гады. Напрыклад, суседні будынак №5, дзе калісьці жыў стваральнік эсперанта Людвік Заменгоф, выдатна рэканструявалi, але ніводзін офіс або крама пакуль што там не адкрыліся.
Пакідаць ад старых будынкаў толькі фасад – папулярная практыка ў Гродне. Вядомыя выпадкі па вуліцах Маладзёжнай, Працоўнай, Вялікай Траецкай. На Карла Маркса ж наогул і фасада не пакінулі.