Мэр не вітаецца па-беларуску, старшыня райвыканкама хавае імя, а ў Ленінскім раёне дэпутаты ў “кутку”: глядзім сайты ўлады

|

Самым прасунутым на фоне астатніх выглядае сайт Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта. Ад астатніх яго выгадна адрозніваюць тры моўныя версіі (руская, беларуская і англійская). Таксама вартая добрых водгукаў яго зручная і інтуітыўна зразумелая будова.

 

 

Галоўная старонка рускамоўнай версіі сайта гарвыканкама Гродна на 31 студзеня. Інфармацыя актуальная, мэр асабіста вітае наведвальнікаў


Праўда, параўнанне моўных версій выклікае пытанні. Напрыклад, не зразумела, чаму мэр горада Мечыслаў Гой не вітаецца з беларускамоўнымі наведвальнікамі сайта, хаця на рускай і англійскай версіі старонак размешчаны яго здымак і персанальны зварот да віртуальных гасцей. Можна толькі здагадвацца, па недаглядзе праграмістаў ці па асабістым жаданні старшыні гарвыканкама адбылася такая неадпаведнасць.

 

 

Галоўная старонка беларускамоўнай версіі сайта гарвыканкама Гродна на 31 студзеня. Тут мэр з наведвальнікамі не вітаецца


Некаторую інфармацыю па-беларуску нельга атрымаць ўвогуле. Напрыклад – закладка “Гасцям” з працягам “Гасцініцы” ці закладка “Эканоміка” з працягам “Бюджэт горада” – выводзяць наведвальнікаў на пустыя старонкі, хаця на рускамоўнай версіі інфармацыя ёсць.

 

Некаторыя закладкі на беларускамоўнай сторонцы сайта адкрываюцца рускамоўнымі дакументамі.

 

Стужка навін на беларускай версіі сайта актуальная, па напаўняльнасці не саступае рускамоўнай, але афіша тэатра і кіно спыніла абнаўленне ў 2013 годзе. Апошняя падзея спартыўнага жыцця паводле яе адбылася 2 мая 2014 года.

 

Выключэннем выглядае афіша выставаў. “Англійскі сняданак”, выстава прысвечаная юбілею мастака Юрыя Якавенкі, была анансавана арганізатарамі па-беларуску і мела шанец актуалізаваць віртуальнае жыццё Гродна.

 

Што тычыцца актуальнасці інфармацыі, то тут у найбольшым заняпадзе аказалася англійская версія гарвыканкамаўскага сайта. Тут няма нават паведамлення пра нядаўні візіт мэра ў Амерыку, што магло б быць цікава англамоўным чытачам.

 

У стужцы навін апошняя падзея датавана 11 мая 2015 года, а папярэдняя – 16 верасня 2011. Абедзве навіны тычацца міжнародных форумаў і інфармуюць меркаваных інвестараў, што Гродна адкрыты да супрацоўніцтва. Больш карыснай інфармацыі англамоўныя наведвальнікі могуць знайсці ў закладцы “бізнес”.

 

Галоўная старонка англамоўнай версіі сайта гарвыканкама Гродна на 31 студзеня – жыццё спынілася, а мэр працягвае вітаць віртуальных гасцей


Тэатральнае жыццё горада на англамоўнай старонцы спынілася 1 лютага 2011 года, а кіно, выставы і спорт не адлюстраваны ўвогуле.

 

Сайт адміністрацыяі Кастрычніцкага раёна горада на галоўнай старонцы мае прывітанне кіраўніка адміністрацыі А.А. Бубена, кантактную інфармацыю, калонку навінаў і карысныя паведамленні ад міліцыі і падатковай інспекцыі. У левай частцы  экрана – актыўныя кнопкі для выбару любой структуры ў складзе адміністрацыі, дзейнасць якой цікавіць наведвальніка. Прадстаўленая інфармацыя актуальная і рознабаковая.

 

Галоўная старонка сайта адміністрацыі Кастрычніцкага раёга г. Гродна на 31 студзеня 2016 года

 

Напрыклад, можна даведацца пра эканамічны стан раёна – аб’ём вытворчасці прамысловай прадукцыі прадпрыемствамі Кастрычніцкага раёна склаў у мінулым годзе 79,7% ад агульнай вытворчасці горада. На рынку працы ў раёне скарацілася колькасць занятых у прамысловасці амаль на 1000 чалавек і павысілася ў галіне аховы здароўя больш чым на 1500. Сярэдняя зарплата ў Кастрычніцкім раёне за студзень-снежань 2015 года складала 7406,1 тыс. рублёў, тэмпы роста намінальных заробкаў у параўнанні з 2014 годам складалі 107,7%, а рэальных – 94,7% (Закладка “Экономика”).

 

У астатніх раздзелах – таксама ёсць што пачытаць для ўважлівага наведвальніка.

 

Асабліва “пацешыла” закладка “Культура”, дзе ў апісанні калектываў філармоніі аркестр пад кіраўніцтвам Барыса Мягкова пазначаны як “эстрадно-символический” замест эстрадна-сімфанічнага. Магчыма, гэтым адміністрацыя Кастрычніцкага раёна хацела сказаць новае слова ў культуры.

 

Новае слова ў культуры Кастрычніцкага раёна  “эстрадно-символический” аркестр. Што, цікава, пра гэта думае Барыс Мягкоў?

 

Сайт мае толькі рускамоўную версію. Па напаўняльнасці, актуальнасці і дастатковасці інфармацыі пакідае цалкам добрае ўражанне.

 

Сайт адміністрацыі Ленінскага раёна, у параўнанні з суседскім, выглядае трохі менш сучасным. На галоўнай старонцы кіраўнік адміністрацыі раёна І.І.Курман  вітае наведвальнікаў, але на здымку ў яго звороце можна пабачыць толькі рог будынка адміністрацыі.

 

 

Галоўная старонка сайта адміністрацыі ленінскага раёна г. Гродна на 31 студзеня 2016 года


У закладцы “Раён”, у артыкуле “Прамысловасць і эканоміка” апошнія дадзеныя прыведзены за першае паўгоддзе мінулага года – вытворчасць прадукцыі – 103,1% ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года. Таксама тут паведамляюць, што характарыстыку прамысловай значнасці раёна ў значнай ступені фарміруе вытворчасць харчовых прадуктаў, напояў і табаку (56,3%). У экспарце вырабленых у горадзе тавараў доля Ленінскага раёна складае 24,5%. У асобнай закладцы “Эканоміка” больш падрабязнасцяў няма.

 

Уласна, пад закладкай “Раён” утрымліваецца практычна ўся інфармацыя – тут знаходзяцца артыкулы пра культуру, спорт, дэмаграфію, медыцыну, моладзевую палітыку і шмат іншых. Актуальнасць большай часткі інфармацыі спраўдзіць няма магчымасці, бо яна дадзена без прывязкі да канкрэтных дат і месцаў. Вось, напрыклад, як выглядае старонка “Медыцына” – ніводнай інтэрактыўнай спасылкі, кантактных дадзеных ці адрасаў тут не прыведзена.

 

Старонка з закладкай “Медицина” сведчыць, што медыцына ў Ленінскім раёне ёсць. Астатнюю інфармацыю трэба шукаць недзе на іншых сайтах

 

Асабліва мілым падалося тое, што дэпутатам на сайце адвялі “куток” – з адпаведнай  закладкай “Уголок депутата”.

 

Сайт мае толькі рускамоўную версію.

 

Сайт Гродзенскага раённага выканаўчага камітэту мае на галоўнай старонцы фотаздымак і прывітанне прыемнага мужчыны сярэдніх гадоў. Пра тое, што гэта, магчыма, кіраўнік выканкама, можна толькі здагадвацца. Каб высветліць імя гэтага чалавека прыдзецца прайсці цэлых тры узроўні. У закладцы “Руководство района” трэба выбраць “Райисполком”, а потым  – “Руководство райисполкома”. Узнагародай за кемлівасць будзе імя старшыні Гродзенскага райвыканкама (з вялікай доляй верагоднасці менавіта ён са здымка  вітае наведвальнікаў сайта) – Васілеўскі Ян Янавіч.

 

Наведвальнікаў сайта Гродзенскага райвыканкама па-руску і па-ангельску інкогніта вітае яго кіраўнік. Магчыма, тут думаюць, што такога чалавека ўсе ведаюць і няма неабходнасці прадстаўляцца

Сайт мае дзве моўныя версіі – рускую і англійскую. На англійскай старонцы кіраўнік звяртаецца да наведвальнікаў таксама ананімна, але значна больш лаканічна. Да ўвагі іншамоўных прадстаўлена спасылка на (чамусьці?) нямецкамоўную версію сайт Белта, але спасылка пастаўлена неяк не вельмі добра – старонка адкрываецца памылкай.

 

Інтэрактыўныя спасылкі з англамоўнымі назвамі традыцыйна не адкрываюцца і ў іншых частках сайта. Напрыклад, інфармацыя пра выдзяленне участкаў для рэалізацыі інвестыцыйных праектаў  (у закладцы “Земельные участки”) па-англійску адказвае на клік памылкай 404.

 

Увогуле, сайт выглядае сучасным і прыемным знешне, структура – зручная ў карыстанні і інтуітыўна зразумелая. Што тычыцца напаўнення, то інфармацыя магла б быць і больш дакладнай. Напрыклад, перайшоўшы па закладцы “Эканоміка” і далей у “Сельское хозяйство” – не магчыма зразумець, які канкрэтна год  характэрызуюць прыведзеныя тут лічбы, ці за які перыяд (дзень, год ці цэлае жыццё) каровы з СПК ім. В.І.Крэмко даюць удой большы за 8 тон малака.