“У кішэні айфон, а ў галаве абы-што”. “Гараш” Курэйчыка як люстэрка постсавецкага жыцця
Гараж як падсвядомасць беларуса
Галоўныя героі ў беларускай рэчаіснасці фільма – мужчыны. Іх “месца сілы” – гараж. Сапраўды, менавіта гараж раскажа пра “нармальнага такога беларуса” нашмат больш, чым дом ці кватэра.
Тайныя сцежкі беларускай душы, напэўна, пратаптаныя праз гаражы. І зорка Венера, калі збярэцца ўзыходзіць, таксама падымецца абавязкова над імі
Гараж не проста месца, дзе стаіць і абслугоўваецца аўтамабіль. У гаражы захоўваюцца і гадамі збіраюцца патрэбныя і непатрэбныя рэчы на ўсялякі выпадак, ад якога, як ад сумы і турмы, беларусы не заракаюцца. Тут можна і мех бульбы патрымаць, і з суседзямі выпіць-пагаварыць з такой шчырасцю, што ў больш цывілізаваных абставінах не знойдзеш.
Шабаноўская вусная народная творчасць увасоблена ў казках жыцця пра страшных і добрых міфічных істотаў гаражнай падсвядомасці. Казкі расказвае герой Аляксандра Кулінковіча.
ГараШ нам пра тыя запасы, патаемныя страхі і схованкі мужчынскай душы беларуса расказвае на жывой мове Шабаноў. У яго сімвалічнай прасторы жывуць як страшныя дэманы – пажарны і санітарны інспектары, так і добрыя духі – “свае” чыноўнікі, што хоць хабар возьмуць, але і прыкрыюць. Тут вітаюць двухсэнсоўныя словы і існуе сваё паняцце аб справядлівасці – з адной кішэні аддаў, то маю права ў другую пакласці.
“Бачыў такіх “ГараШных слесараў” ва ўсіх сферах жыцця”
Гэтак кажа рэжысёр стужкі Андрэй Курэйчык. “Адны [з сітуацыяй] мірацца, другія – співаюцца”. Са словаў рэжысёра, досвед уласнага побыту за мяжой і досвед сяброў, што па розных прычынах адтуль вярнуліся, паказвае – да ўжывання заходніх каштоўнасцяў наша жыццё ніяк пакуль не прыстасаванае.
Андрэй Курэйчык, рэжысёр і прадзюсар фільма, на сустрэчы з гледачамі ў Гродне
“Нахватаўшыся” іх, цяжка, адзначае рэжысёр, уседзець на двух крэслах, быць і савецкім чалавекам, і еўрапейскім адначасова. Кіно, паводле аўтараў, акурат пра гэта – пра ўнутраную раз’яднанасць і пастаянную неабходнасць выбару: “Еду на Родину!” – кажа герой Арцёма Курэня ў першых кадрах і, спахапіўшыся, папраўляе: “Не! На Радзіму!”
“Калі ён спяваў, то дзеці вакол мацюкацца пераставалі” – людзі, ролі і сімвалы ў “ГараШы”
Выканаўцы ў ролях чулі сябе вельмі арганічна, мяркуе рэжысёр, яшчэ і з той нагоды, што ў жыцці (як і ўсе беларусы) з такімі сітуацыямі сутыкаюцца: “Аляксандр Кулінковіч з гурта “Нейро-Дюбель” сам увасабленне постсавецкага чалавека. Ён грае андэграўндны рок і піша калонку ў СБ. І Юрый Наумаў да яго пасуе, як другі бот у пары”.
Дмітрый Фрыга працягвае расповед пра актораў: “Калі спатрэбіўся персанаж на ролю “паэта сярод пекла” то натуральным чынам успомніўся Ягор Забелаў (музыка гуртоў “Yegor Zabelov Trio” і “Гурзуф”) – яго вобраз адразу ўсплыў”. Паводле кампазітара, ніхто іншы не змог бы з такой віртуознай лёгкасцю і майстэрствам упісацца ў канву стужкі. “Калі ён спяваў, то дзеці вакол мацюкацца пераставалі” – смяецца Дмітрый.
Увасабленне паэзіі сярод пекла – герой Ягора Забеліна – дзеліцца з галоўным героем самым дарагім – любоўю да родных Шабаноў і касячком. Невядома, ад чаго новага беларуса будзе “плюшчыць” мацней
Са словаў рэжысёра, праз сімвалічныя шэрагі шабаноўскага гаража і спрабавалі стваральнікі фільма паказаць парадоксы постсавецкага жыцця і менталітэту, калі “у кішэні айфон, а ў галаве абы-што”, і хочацца адначасова і ў Польшчу на закупы, і жыць, як пры Саюзе. “Мы спрабуем разабрацца, што той постсавецкі чалавек сёння з сябе ўяўляе”.
Канфлікта сучасных выклікаў і постсавецкіх практык Андрэй Курэйчык называе найбольш актуальнай для беларусаў тэмай, узгадваючы, што і Святлану Алексіевіч адзначылі Нобелеўскай прэміяй таксама за даследаванне постсавецкасці.
Ці мае беларус выбар не быць беларусам
“Мы не ацэньваем сваіх герояў, – адзначае Курэйчык, – яны ўсе вельмі абаяльныя і маюць права жыць згодна са сваім выбарам. Нават калі абіраюць“тавараабарот” падману для падтрымання балансу справядлівасці. Іншая справа – ці захоча моладзь гуляць у такія самыя гульні”. На гэта ў рэжысёра адказу няма, таму і фінал фільма адкрыты – без хэпі энда ці эпік фэйла. Маладому пакаленню ўслед за героем Арцёма Курэня давядзецца самастойна вызначацца з прыярытэтамі.
Умовы жыцця, як умовы гульні, падштурхоўваюць да выбару на кожным кроку. Што выбярэ герой і якія масты ён здольны спаліць за сабой да апошняга моманту ніхто не ведае
“Зараз такі ўнутраны выбар стаіць перад многімі, – разважае Андрэй Курэйчык. – Застацца тут ці з’ехаць за мяжу, калі з’ехаць – то ці заставацца беларусам там, калі застацца – то як быць беларусам тут. Гэта пытанні, скіраванія толькі да сябе”. Гэтыя ж пытанні былі актуальнымі і для самога Андрэя. “Інакш я б не здымаў пра гэта кіно і не ўкладаў бы ўласныя грошы”, – кажа ён. І зазначае, што, вярнуўшыся з Амерыкі, “свой выбар зрабіў”.
Кіно для тых, каму тлумачыць не трэба…
Стужка атрымалася вельмі настраёвай і эмацыйна блізкай да нашага “тут і зараз”. Яна зразумелая мясцовым і практычна непрыдатная для перакладу. Бо і праўда, адкуль замежнікам ведаць празрыста-ясны для кожнага беларуса сённяшні сэнс слова “тунеядец”? Ці як чужому ратлумачыць, што здарыцца, калі сялёдачку “Матиас” заесці барысаўскай салянкай? Відавочныя для беларусаў рэчы прыйдзецца тлумачыць доўга.
Без партызанаў і без мыла
У беларускай кінавытворчасці, разважаюць Курэйчык і Фрыга, сёння няма “здаровага авантурызму”. Усе лічаць сябе суперпрофі і чакаюць прапановаў ад крутых прадзюсараў з шалёнымі бюджэтамі. У выніку вакол прадукуецца толькі “расійскае мыла” ці “беларусфільмаўскія партызаны”.
Дзмітрый Фрыга – аўтар музыкі і прадзюсар фільма (зправа) і Арцём Курэнь, выканаўца галоўнай ролі, на сустрэчы з гледчамі ў Гродне
Сітуацыя не зменіцца, пакуль кожны сам не пачне нешта рабіць. “Не будзе таго, за кім вам можна будзе ісці следам. Самому трэба ўстаць і павесці за сабой”, – кажа Дзмітрый Фрыга.
“У нас што ні зробіш – будзеш першым”. Максім Жбанкоў пра беларускае кіно, Bulbamoviе і кінаадукацыю
І ведае, пра што кажа. Бо гэта яго ідэя спрацавала: пачаць рабіць кіно без звыклай “кіношнай” базы, а так, як пачынаюць музыканты, – сабрацца “на кропцы” і пачаць граць. За чатыры дні і пяць тысяч долараў зрабілі новае беларускае кіно, “падобнае да якога наўрад ці хутка ўдасца пабачыць у нашых кінатэатрах”.
Гарадзенскі паказ фільма “ГараШ” у малой зале кінатэатра “Октябрь” прайшоў з аншлагам. Юрый Даўгашэй з кіраўніцтва аблкінавідэапраката запэўніў – беларускаму кіно на гарадзенскіх экранах заўсёды знойдзецца месца
Чытай больш:
“Мы, братья” – кінапрадукт ідэнтычны натуральнаму