Польскія візавыя цэнтры ў чатырох гарадах Беларусі адкрыюцца 1 сакавіка

|

Праз месяц такія ж цэнтры павінны з’явіцца ў Лідзе, Баранавічах, Пінску і Магілёве.

 

У візавых цэнтрах можна будзе падаць заяву на атрыманне візы ў Польшчу і здаць біяметрычныя дадзеныя – адбіткі пальцаў, зрабіць фота і ксеракопіі дакументаў, аформіць страхоўку. Гэта павінна зрабіць увесь працэс больш зручным.

 

У цэнтры можна будзе падаць дакументы на кароткатэрміновую шэнгенскую візу і доўгатэрміновую нацыянальную візу D.

 

Цэнтры будуць размяшчацца па адрэсах:

 

Мінск – Бізнес-цэнтр SV Plaza, 1 паверх, вул. Чыгуначная, 33

Брэст – вул. Маскоўская, 208A-1

Гродна – вул. Горкага, 89

Гомель – вул. Пушкіна, 2

 

У Гродне па гэтым адрасе ўжо працуе візавы цэнтр Літвы.

 

Кажучы пра старт праекта Часовы Павераны ў справах Пасольства Рэспублікі Польшчы ў Беларусі Міхал Хаброс сказаў: “Адкрыццё візавых цэнтраў значна аблегчыць працэс атрымання польскай візы для грамадзян Беларусі. Асабліва гэта актуальна для гарадоў, у якіх адсутнічаюць нашы дыпламатычныя прадстаўніцтвы”.

 

Прабудда Сэн, рэгіянальны дырэктар па Расіі і СНД VFS Global, падкрэсліў: “Запуск цэнтраў дапаможа нам дасягнуць агульнай мэты: зрабіць працэс выдачы візы зручным, даступным і бесперапынным. Больш за тое, дадзеная падзея дазволіць нам зрабіць значны ўклад у развіццё турызму паміж Польшчай і Беларуссю”.

 

Каб звярнуцца ў візавы цэнтр патрэбная папярэдняя рэгістрацыя. Уся інфармацыя па працы цэнтраў даступная на сайце www.vfsglobal.com/Poland/Belarus.