У Гродне 1 сакавіка пачаў працаваць візавы цэнтр Польшчы
У Гродне візавы цэнтр адкрыўся 1 сакавіка ў 9.00. Ягоны адрас (Горкага, 89) супадае з адрасам Літоўскага цэнтру, які быў адкрыты год таму. Для зручнасці было абрана тое самае памяшканне. Там жа знаходзяцца эстонскі і венгерскі цэнтры.
Выконваючы абавязкі генеральнага консула Польшчы Збігнеў Прухняк, які быў прысутны на адкрыцці, быў відавочна задаволены ды назваў дату 1 сакавіка гістарычнай для Гродна. Паводле яго слоў, “усё атрымалася вельмі зручна”. У цэнтры 19 акенцаў, памяшканне прасторнае. Там можна зрабіць фота, аформіць страхоўку і падаць усе неабходныя дакументы. Кошт паслугі — 15 еўра, не ўлічваючы кошту самой візы ды страхоўкі. У цэнтры ёсць прыбіральні, у тым ліку і для людзей з інваліднасцю.
Візавыя цэнтры закліканыя разгрузіць чэргі па візы, якія рэгулярна ўтвараліся ў польскіх консульствах.
Акрамя Гродна, аналагічныя цэнтры адчыніліся ў Брэсце, Мінску і Гомелі. Дакументы на візу можна па-ранейшаму падаваць і праз консульства.