“У мяне нават у самы буйны крызіс будуць купляць”. Прадпрымальнікі з гарадзенскага міні-рынку пра ўказ №222

Пакупнікі глядзяць, што танней

 

Ганна гандлюе камп’ютарнымі дыскамі і скардзіцца на тое, што яе тавар хоць і не трэба сертыфікаваць, але агулам пакупнікоў на рынку стала менш. “Ліцэнзійныя дыскі людзі ўвогуле перасталі купляць. Кошты на іх вельмі вялікія”, – кажа жанчына.

 

Прадпрымальнік сталага ўзросту Мікалай раней гандляваў вопраткай замежнай і беларускай вытворчасці, зараз у яго толькі беларуская адзежа: “Людзі яе амаль не купляюць, а мне трэба таксама нешта зарабіць. Я раблю накруткі на беларускую прадукцыю, бо трэба за нешта жыць! А людзі паглядзяць на мой тавар… і пойдуць у афіцыйную краму – там танней. Хіба прыйдзецца заканчваць з прадпрымальніцтвам і шукаць працу”, – адзначае Мікалай.

 

Акцыя прадпрымальнікаў у Гродне: на плошчу выйшла толькі 20 чалавек

 

Гаспадыня крамкі з касметыкай Ірына распавядае, што і раней замаўляла большасць сертыфікаванага тавару праз афіцыйных прадстаўнікоў у Беларусі, але былі і танныя варыянты без сертыфікатаў. Зараз жа пакупнікоў цікавіць пераважна танны тавар, а значыць – несертыфікаваны.

 

“Таму прыбытак стаў значна меншы. Працавалі раней з мужам, зараз ён пайшоў на дзяржаўную працу – інжынерам. Я яшчэ спрабую неяк уратаваць бізнес, які мы маем ужо 15 год”.

 

Лукашэнка пра ІП: З 1 студзеня скончыліся іх мядовыя гады

 

Хтосьці закрываецца, а ў кагосьці гандаль не спыняецца

 

А вось Віктар, які гандлюе гароднінай, сцвярджае, што на яго ўказ №222 ніяк не паўплываў. “Я – фермер! У мяне гародніна танней, чым у крамах. Гарадзенцам выгадней купляць бульбу, капусту, ці моркву з цыбуляй у мяне. Сам спраўджваў! Эканомія каля 15-20 тысяч рублёў на пакупцы садавіны!”

 

Віктар шкадуе тых, каго закрануў закон №222, а сам глядзіць у будучыню з аптымізмам. “У мяне нават у самы буйны крызіс людзі гародніну будуць купляць, бо я сам вытворца. Вось перакупы гародніны мусяць мець сертыфікаты, здаецца. Хаця што яны сабой уяўляюць – я не ведаю”.

 

Малады іпэшік Міша ўвогуле быў вымушаны развітацца з прадпрымальніцтвам: “Я гандляваў пральнымі парашкамі, асвяжальнікамі, кандыцыянерамі для бялізны. Але ж гэта ўсё ішло з Польшчы, бывала з Германіі. А зараз увялі сертыфікацыю і ўсё! Буду шукаць афіцыйную працу”.

 

На сустрэчы з прадпрымальнікамі Мечыслаў Гой паказваў свой пінжак

 

З будматэрыяламі – асобная праблема

 

Гандляр будматэрыяламі абураецца: “Зараз прыйдзецца рэалізоўваць толькі беларускую прадукцыю. Яшчэ ж асобным законам абавязалі, каб у краме было мінімум 70% тавараў беларускай вытворчасці! Чаго, думаеце, “Гемму” часова зачынілі? Бо там было 80% расійскай прадукцыі. Вось зараз беларускія вытворцы будматэрыялаў разжывуцца…”.

 

Галоўны менеджар адной з гарадзенскіх фірм па вырабе металічных матэрыялаў пацвярджае: “Сапраўды, дзяржава абавязала гандляваць беларускімі таварамі ды з сертыфікатамі. Да нас ужо пачалі тэлефанаваць ІП, якія раней бралі тавар у Расіі. А пасля часовага закрыцця “Геммы” нават такія гіганты як ОМА прапанавалі супрацоўнічаць”.

 

Гарадзенскіх прадпрымальнікаў аб’яднаў Клуб паспяховых бізнесменаў

 

На рынку большасць павільёнаў зараз зачыненыя, некаторыя ІП не губляюць надзеі дагрукацца да ўлады з просьбай адмены ўказу.

 

Фота: a.s13.ru