Руслан – чэмпіён! Журналіст “Твайго стылю” есць сушы хутчэй за ўсіх у Гродне

|

 

Майстры з кафэ “Kioto” больш за гадзіну ўтрох гатавалі сушы, каб плынь талерачак на канвееры не спынялася і каб канкурсанты мелі на выбар некалькі гатункаў. Конкурс ішоў у два этапы, дзе ўдзельнікі мелі па тры хвіліны на тое, каб з’есці як мага больш ролаў.

 

Наесціся сушы на месяц наперад: вучымся рабіць японскую страву разам з сушы-майстрам кафэ “Kioto”

 

 

Руслан Кулевіч, які стаў самым хуткім едаком сушы, прыйшоў на конкурс з упэўненай заяўкай на перамогу і павязкай з японскай сімволікай на галаве. Калі раіўся наконт удзелу са сваёй дзяўчынай – Таццянай, то пачуў: “удзельнічай, калі маеш намер перамагчы”.

 

 

Гэта і стала для яго матыватарам з’есці 15 порцый сушы ў двух раўндах па тры хвіліны.

 

 

Сваю “фірмовую павязку” з аўтографам Руслан падарыў кавярні.

 

 

Яна стала першым артэфактам у гісторыі конкурса. Атрыманы падарункавы сертыфікат Руслан падарыў Таццяне, “каб яна з сяброўкамі магла наведаць кавярню і пачаставацца сушы”. Што да ўдзелу ў наступных конкурсах, то паўтараць “подзвіг” ён пакуль не плануе – быць першым пераможцам для яго дастаткова.

 

Артур Сахарчук, які заняў трэцяе месца, расказаў, што ў выніку “адчувае сябе поўным уражанняў і сушы”. Дакладна наеўся на месяц наперад, адалеўшы 10 талерачак, і зараз у паяданні сушы зробіць перапынак. Аказалася, што 10 порцый – аптымальная колькасць на шэсць хвілін. Удзельнікаў, што змаглі адолець такую колькасць сушы, аказалася чацвёра.

 

 

Другую прыступку п’едэстала едакоў сушы скарыў Міхаіл Канавалаў з трынаццаццю порцыямі. Дарэчы, Міхаіл браў удзел у конкурсе разам з жонкай Юліяй, якая стала адзінай дзяўчынай сярод пераможцаў.

 

 

Кіраўнік кавярні “Kioto” Тэры кажа, што мэта конкурса – найперш цікавае і вясёлае баўленне часу. З яго словаў, такія конкурсы праводзяць і ў Кітаі, дзе сушы таксама карыстаюцца папулярнасцю. Што да ўласных здольнасцей хутка есці сушы, то Тэры ацэньвае іх вельмі сціпла: “Некалькі разоў спрабаваў удзельнічаць, але больш за чатыры порцыі з’есці не атрымліваецца”.

 

 

Той самы вынік паказаў ён і на конкурсе ў Гродне. Стабільнасць, як кажуць – прыкмета майстэрства. Можа, з тае нагоды Тэры больш падабаецца арганізоўваць мерапрыемствы. Надалей у “Kioto” таксама плануюцца розныя цікавосткі, але іх Тэры пакуль трымае ў сакрэце.