У гарадзенскай гімназіі №2 адкрылі сучасны стадыён, збудаваны за сродкі Еўрасаюза
Гродна разам з літоўскім Алітусам атрымаў падтрымку ў памеры 680 тыс. еўра яшчэ ў 2012 годзе. Сродкі ЕС былі размеркаваныя роўна паміж партнёрамі, беларускі бок меў даплаціць толькі 10%.
Стадыён гiмназii меў стаць лепшым сярод навучальных устаноў горада, бо такога фінансавання раней ніхто не атрымліваў. Працы пачаліся ў лістападзе 2014 года, а скончыліся ў 2016 годзе. Літоўскія суседзі сваю частку праекта рэалізавалі на год раней.
Цяпер мясцовыя жыхары могуць атрымаць у дзяжурных гімназіі спартовы інвентар бясплатна пад распіску. Трэба толькі прынесці пашпарт.
У 2012 годзе планавалася, што стадыён гімназіі будзе пабудаваны паводле самых сучасных патрабаванняў: з пасадкавымі месцамі, агароджай, гімнастычным гарадком, футбольным полем і бегавымі дарожкамі, а таксама відэаназіраннем. Але ўсё выканаць не ўдалося.
На стадыёне абнавілі травяное пакрыццё, пабудавалі валейбольную і баскетбольную пляцоўкі, а таксама бегавыя дарожкі.
Некаторыя мясцовыя жыхары і спартоўцы кажуць, што за такія грошы можна было зрабіць значна лепшую спартовую пляцоўку.
“Школа магла б добра зарабляць, калі б тут паклалі штучнае пакрыццё. За натуральным газонам не ўсочыш, патрэбен аграном. Абяцалі турнікі сучасныя і трыбуны, але нічога яшчэ няма. Кажуць, у літоўцаў трэнажоры на вуліцы паставілi, а ў нас нічога. Раней хоць турнікі былі, мы рэгулярна займаліся. Дарэчы, бегавыя дарожкі яны рабілі восенню, калі ішлі дажджы. Гэта можа ў будучыні паўплываць на іх трываласць“, – распавёў жыхар вуліцы Болдзіна Андрэй.
Стары стадыён быў пабудаваны яшчэ ў 1978 годзе. Як ён выглядаў да рэканструкцыі, можна ўбачыць на прыкладзе суседняй школы №23.
Трэба адзначыць, што ў праекце прадугледжвалася не толькі ўласна рэканструкцыя стадыёнаў, але і іншыя мерапрыемствы па прасоўванні здаровага ладу жыцця: сумесныя канферэнцыі, метадычныя дні, майстар-класы, конкурсы, семінары і спартыўныя мерапрыемствы.
А вось як выглядае стадыён, пабудаваны ў межах праекта ў Алітусе.