Жаданне, планаванне і апантанасць. Як гарадзенец звольніўся з дзяржаўнай працы і пачаў уласную справу

“Краме Ц” – адзін год! Паказваем у некалькіх лічбах, як ён мінуў

 

Антон – уласнік крамы-клуба “Кубік”, якая спецыялізуецца на настольных гульнях. Карэспандэнтка “Твайго стылю” даведалася ў яго, у якіх абставінах ён змяніў працу, ці быў такі выбар правільным і з якімі цяжкасцямі сутыкаецца ў Беларусі малады бізнесовец.

 

Пагуляў, набыў сабе і панеслася

 

Гаспадар “Кубіка” сустракае нас з кубачкам духмянага гарачага капучына з карамельным сіропам. Па-хатняму ўтульная атмасфера ў краме настройвае на сяброўскую размову. Са шматлікіх паліц на нас глядзяць дзясяткі настольных гульняў. Іх продажам і займаецца Антось. Любоў да “настолак” прыйшла да яго ў дастаткова сталым узросце.

 

Пагуляў у сяброў адзін раз, другі, потым сабе набыў. А потым паняслося… У дзяцінстве, памятаю, любіў усялякія гульні кшталту “кінь-двінь”, – узгадвае прадпрымальнік.

 

У дзяцінстве Антон цікавіўся ролевымі прыдумкамі і рэканструкцыямі гісторый. У будучым гэтае захапленне падштурхнула да стварэння першай беларускай настолкі “Паўстанцы”. Распрацоўка гульні заняла дзевяць месяцаў. Тады ў аўтара яшчэ не было ўласнай крамы. “Кубік” адкрыўся ўжо пасля прэзентацыі “Паўстанцаў”.

 

Пасля паўстанцаў Антон з жонкай і сябрамі распрацаваў яшчэ дзве гульні – “Мова” і “Гаспадар цмокаў”. Фота зроблена яшчэ ў старым памяшканні Крамы Ц, да пераезду.

 

 

Пачынаючаму прадпрымальніку ніхто не раскажа, што і як рабіць

 

З’яўленне сваёй крамы для Антона стала сапраўднай падзеяй. Але не абыйшлося і без праблем. Адной з галоўных цяжкасцяў, з якой ён сутыкнуўся, стала няведанне, да каго звяртацца.

 

Ніхто не можа табе расказаць, як і што рабіць. Ні адна дзяржаўная ўстанова! Я ж не на бізнесмена вучыўся! Таму мне дапамаглі сябры, якія ўжо адкрылі свае справы, – эмацыйна распавядае хлопец.

 

Замест правіл вядзення бізнесу Антон вывучаў рэжысуру ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў.

 

– Наколькі зараз важны дыплом аб вышэйшай адукацыі? Ці спатрэбіўся ён табе?

 

На хвіліну суразмоўца задумваецца. Быццам спрабуе ўспомніць, калі пасведчанне аб адукацыі яму сапраўды спатрэбілася.

 

Адказ – пяцьдзясят на пяцьдзясят. З аднаго боку, сапраўды, папрацаваў пару год у культуры і пайшоў у бізнес, але з іншага – шмат ведаў са спецыяльнасці “рэжысёр святаў і абрадаў” я прымяняю на практыцы ў “Кубіку”. Арганізацыя мерапрыемстваў, рэклама, падыход, размова з людзьмі і іншае. Я гэта раблю больш прафесійна. Такім чынам, я свае веды трансфармаваў на сваю новую дзейнасць.


align=”” alt=”Антон Янкоўскі Крама Ц крама-клуб Кубік прадпрымальнік” width=”475″ height=”604″ >

Калі мы папрасілі ў Антона фота з часоў яго працы ў Каледжы мастацтваў, ён даў нам вось такую фотакартку


 

Падабалася выкладаць, але хацелася нечага свайго

 

У час распрацоўкі гульні “Паўстанцы” Антось працаваў у гарадзенскім “кульку”. Ён быў выкладчыкам тэатральных дысцыплін цягам шасці гадоў. Пасля адкрыцця ўласнай крамы некаторы час Янкоўскі сумяшчаў дзве працы. Але хутка сістэма дала сбой. Маладога чалавека прымусілі вырашаць, што для яго важней: выкладчыцкая дзейнасць або крама. Антон выбраў апошняе і пакуль не пашкадаваў.

 

На пытанне, ці цяжка было адважыцца на такі крок і памяняць сталае месца працы на невядомасць, ён адказвае:

 

Цяжка. З аднога боку, мне там падабалася мець сваіх студэнтаў, муціць розныя штукі, а з іншага – хацелася нечага свайго.

 

Вырашаючым момантам стаў ультыматум, пастаўлены Антону начальствам.

 

– Яны, мяркую, хацелі мяне прыпужнуць, каб бізнес кінуў, – каментуе ўладальнік крамы. – А я не чакаючы сказаў: “Добра, давайце напішу заяву аб звальненні!” Цяжка, але гэта таго каштавала. Мне, верагодна, патрэбны быў час, каб зразумець і прыняць свой ход.


Антон не толькі прадпрымальнік, але і вядоўца курсаў “Мова Нанова Гародня”


 

Унутраная матывацыя і апантанасць важней за грошы

 

Нягледзячы на нядоўгую гісторыю, крама настольных гульняў “Кубік” ужо паспела зрабіць сабе імя. Яна стварыла годную канкурэнцыю на рынку працы, а некаторых сваіх сапернікаў нават перажыла. Антон Янкоўскі называе некалькі прычын такога поспеху:

 

– Першае – жаданне нешта рабіць, рухацца наперад. Другое – планаванне сваіх крокаў, аналіз (можна сказаць, гэта ўпорства). Трэцяе – апантанасць справай. Тэарэтычна, калі разумець, што і як рабіць, то любой справай можна заняцца. А вось апантанасць, унутраная матывацыя, асалода ад зробленага – у сто разоў лепей за грошы. Чацвёртае – матэрыяльная матывацыя. Як кажуць, каб зарабіць і ні ў чым сабе не адказваць.

 

Будучым маладым прадпрымальнікам уладальнік крамы і гарадзенскі знаўца настолак раіць нічога не баяцца і, калі ёсць жаданне, абавязкова пачынаць сваю справу.

 

“Беларускія гульні не ўнікальныя, але па-свойму адметныя”. Другі фестываль “Игрокуб” прайшоў у Гродне