Герой без фота. Госць другой тэатральнай гасцёўні распавёў пра сябе і тое, што ён робіць у Гродне
Усё будзе проста
Фармат гасцёўні, паводле Міхаіла, можа спрыяць больш блізкай камунікацыі людзей сцэны з гледачамі. “З тэатральнага асяродка сышла ўтульнасць, – зазначае ён, – многае адбываецца фармальна”. З’яўленне гарадзенскіх “гасцёўняў” акурат можа стаць адказам на запатрабаванне мясцовых тэатралаў у адраджэнні. гэтай утульнасці.
Рабіць з сустрэчы вялікую імпрэзу рэжысёр не збіраецца. Масштаб “дзіўнага сталічнага сюрпрыза” яго не здавальняе. “Я на сябе такую ролю не бяру, у такія адзенні не апранаюся. Усё будзе проста, надуманасць мне не патрэбна. Я прыехаў у Гродна як госць, і на сустрэчу прыду як госць”.
Эксперыментальная гасцёўня ў тэатры лялек сабрала сапраўдны аншлаг
Гэтым разам да увагі гарадзенцаў прапануюць адразу тры міні-спектаклі:
“Прыходзяць і сыходзяць” у выкананні Ларысы Мікуліч, Людмілы Паўлоўскай і Тамары Корневай;
“І аб надвор’і…” мона-спектакль Васіля Мініча;
і фрагмент п’есы Івана Вырыпаева “Кісларод”, што прадставяць Таццяна Вілімовіч і Ірына Купчанка.
Гарадзенска праца – “абсалютная прыгода”
Сваю працу ў Гродне Міхаіл Лашыцкі таксама апісвае без лішняга пафасу: “Стаўлю “Клеменс”. Хаця з іншага боку прызнаецца, што праца тут для яго “абсалютная прыгода”. Пра гэта ён папярэдзіў і мясцовых актораў.
Стаўленне трупы да новага чалавека, адзначае рэжысёр, бывае розным. Часам здараецца, што да прыезджых ставяцца адчужана – “ён паставіць, мы сыграем”. У Гродне склаліся зусім іншыя адносіны: “Я адразу прапанаваў выправіцца ў нейкую прыгоды, зладзіць агульнае падарожжа. І людзі былі досыць мудрымі, каб згадзіцца сесці са мной у гэты човен і паплыць. Я ім за гэта вельмі ўдзячны. Бо калі б з грашыма прыехаў, ці яшчэ з чым… Не, я проста запрасіў з сабою і яны прапанову прынялі. Гэта прыемна і да многага абавязвае”.
У Мінску Тэатр Ч. паказаў прэм’еру музычнай камедыі “Матухна Кураж і яе дзеці”, дзе Міхаіл Лашыцкі выступіў адразу ў трох абліччах: рэжысёра, сцэнографа і аўтара касцюмаў. Фота Яўгена Ерчака
Што да гарадзенскага тэатра, ён з разуменнем ставіцца да паняцця “тэатра ў сваім горадзе” і спасылаецца на ранейшы досвед працы па-за межамі сталіцы: “Я працаваў і ў Магілёве. Ніякіх канфліктаў ці супрацьстаянняў ніколі не ўзнікала. Я добра ведаю, што я раблю і для каго. Любы тэатр жыве ў сваёй прасторы”.
Пастаноўка Міхаіла Лашыцкага – для ўсіх актораў тэатра і любых гледачоў
Стварае тэатр, паводле рэжысёра, у большай ступені публіка, што яго напаўняе. Таму “у правінцыі не можа быць сталічнага тэатра – ён тут нікому не патрэбен увогуле”. У “правінцыйным тэатры” ён бачыць шмат плюсаў, якія не даступны ўжо ў сталіцах – свая прыгажосць, тэмпарытмы, успрыняцце, утульнасць і цеплыня. У гэтым сэнсе гарадзенскі тэатр ён называе абсалютна гарманічным і патрэбным гораду. “Тут ёсць запатрабаваныя акторы і запатрабаваная драматургія. Прыемна, што працуюць майстэрні і цэхі – тэатр жыве, не кожны мінскі тэатр сёння можа пахваліцца такой арганізацыяй працы службаў. Усё гэта вельмі прыемна і годна”.
Асаблівасцю сваёй пастаноўкі на гарадзенскай сцэне Міхаіл Лашыцкі называе вялікую колькасць адначасова задзейнічаных у спектаклі актораў. “Іграе больш за 20 чалавек. У Гродне, мабыць, і не было яшчэ такіх вялікіх пастановак. Будзе шанец пабачыць усіх актораў тэатра разам”.
“Не веру, што існуе так званы плебс”
Гледачоў, да каторых скіравана яго творчасць, Міхаіл Лашыцкі бачыць вельмі шырокім колам. “Я не раблю рэчаў кулуарных ці лабараторных. Кожны разважае пра дабро і зло, пра космас, пра тое, чаму і навошта мы сюды прышлі. У кожнага чалавека ў той ці іншай форме узнікаюць намнога больш сур’езныя пытанні, чым можа падавацца на першы погляд. А тэатр – гэта субяседнік, што можа на гэтыя пытанні адказваць … ці не адказваць”.
Сваёй марай рэжысёр называе адраджэнне народнага тэатра. Не ў лубочна-прымітыўным выглядзе, а такога, які здольны закрануць вялікую колькасць людзей: “Кожны чалавек – індывідум, не веру, што існуе так званы плебс, ці шэрая маса”.
Фрагмент п’есы “Матухна Кураж і яе дзеці”, Мінск, тэатр Ч. Фота Яўгена Ерчака
Таму і пад час сустрэчы ў тэатральнай гасцёўні рэжысёр абяцае шчырую гаворку з абмеркаваннем спектакляў і развагамі пра тэатр і пра жыццё. Хатніх нарыхтовак да сустрэчы ён не робіць. Кажа – хай будзе – як будзе. А што да пытанняў, то гатовы адказаць на любыя: “Забароненых няма – я ж не хворы”.
Гасцёўня чакае тэатралаў 12 мая ў 19.00 у Тэатры лялек. Цана квіткоў – 60 тысяч. Набыць іх можна у касе тэатра ці анлайн.