Старшыня КДБ: справа ўладальніка мэблевай кампаніі “ЗОВ” можа быць перададзеная ў суд праз месяц
“Гэтыя справы будуць перададзеныя ў суд у бліжэйшы час, думаю, на працягу месяца”, – сказаў Валерый Вакульчык. Кіраўнік КДБ меў на ўвазе не толькі крымінальную справу ў дачыненні да Алега Зухавіцкага, але і справу ў дачыненні да бізнесмена Аляксандра Мураўёва, які быў адным з уладальнікаў завода “Мотавела”.
Алега Зухавіцкага двойчы затрымлівалі ў 2015 годзе па падазрэнні ў атрыманні ценявых даходаў і вывадзе іх за мяжу, а таксама ў нявыплаце падаткаў у асабліва буйным памеры. У ліпені ён кампенсаваў дзяржаве панесеныя ёю страты ў памеры 31,4 млрд рублёў, але ў лістападзе яго затрымалі зноў. Яго выклікалі на допыт у Мінск, адкуль ён ужо не вярнуўся. Па інфармацыі КДБ, тады ў справе адкрыліся новыя факты і мера ўтрымання была змененая на заключэнне пад варту.
Летась затрымлівалі таксама буйнога прадпрымальніка, уладальніка кампаніі “Біяком”, сенатара Андрэя Паўлоўскага. Ён адкупіўся, заплаціўшы дзяржаве 20 млн долараў, пасля чаго яго памілаваў прэзідэнт.
Фота: Вольга Лойка, TUT.BY