Як нам упарадкаваць даліну Ласасянкі. Частка ІІІ: рэстаран на месцы млына
– Яшчэ сем гадоў таму палац адміністратара Кунстава стаяў на гэтым узвышшы, – шакуе Ігар Лапеха. – Толькі ён быў да непазнавальнасці перабудаваны і стаяў за мурам вайсковай часткі. Пасля частку расфарміравалі і аддалі тэрыторыю пад прыватную забудову. Палац знеслі. Мы з археолагам Сяргеем Піваварчыкам паспелі агледзець толькі шырокія паўтараметровыя падмуркі і зафіксаваць іх. Яны цяпер за плотам гэтай прыватнай сядзібы.
Цяпер тут шэрагі сімпатычных домікаў, зробленых па стандарту гродзенскімі будаўнікамі, і распраданых заможным гараджанам. Ад палаца засталося заглыбленне ў схіле, якое ўпіраецца ў плот размешчанай ніжэй сядзібы. Раней тут былі прыступкі, якія вялі ад мануфактур.
Ігар прапануе зрабіць на верхняй тэрасе аглядную пляцоўку, можна з аб’ектам грамадскага харчавання. Каб удалося аднавіць вуліцу з круглай плошчай і пабудаваць царкву на гары, дык перад тым, хто стаяў бы на гэтай пляцоўцы, адкрывалася б уся веліч задумы архітэктараў і Антонія Тызенгаўза.
Ідзем па верхняй тэрасе і зноў спускаемся да Ласасянкі. Тут рака робіць выгіб і Ігар Лапеха працягвае расказ.
– Раней тут была запруда і млын-фолюш з трыма коламі – адзін з найбольшых на рацэ. Мы з Яўгенам Сыцько прапануем запруду аднавіць і пабудаваць на ёй рэстаран на 126 месцаў, стылізаваны пад стары млын.
Якія будуць выгады для жыхароў Фолюша? На месцы часткі сотак з’явіцца возера з чыстай вадой і пляжам, дзе змогуць летам праводзіць час сотні жыхароў раёна – адпачываць, загараць, купацца. Паблізу з’явіцца харошы рэстаран, атмасферны і прыгожы, які Фолюшу таксама патрэбен.
А дзе будзе паркавая зона?
– Паркавая зона з’явіцца ніжэй па цячэнні Ласасянкі, там, дзе таксама размясціліся нелегальныя соткі вайсковых пенсіянераў.
Накіроўваемся ніжэй па Ласасянцы. Па дарозе Ігар паказвае нам парэшткі млыноў і запруд ды адзіны цалкам ацалелы млын на рацэ. Ён не з’яўляецца аб’ектам гісторыка-культурнай спадчыны, у яго два ўласнікі, якія арганізавалі тут месца адпачынку, досыць моцна перарабіўшы будынкі.
Між тым, менавіта гэтым млыном у пачатку ХХ ст. валодаў Вольф Вільбушэвіч – бацька Марыі, або Мані Вільбушэвіч, знкамітай яўрэйскай рэвалюцыянеркі, якая, з’ехаўшы ў Палестыну, стала адной з заснавальніц руху кібуцаў – яўрэйскіх калгасаў. Адным словам, стала гераіняй свайго ізраільскага народа.
Ніжэй па Ласасянцы ацалелі парэшткі яшчэ аднаго млына, які быў некалі муравана-драўляным і існаваў яшчэ задоўга да Кунстава і Антонія Тызенгаўза. Наша экскурсія заканчваецца каля моста праз Ласасянку. Зусім недалёка, літаральна ў 300 метрах, Ласасянка ўпадае ў Нёман.
Такім чынам, праект упарадкавання даліны Ласасянкі ўжо існуе. Ён прадугледжвае ўсё, што трэба для паркавай зоны сучаснага горада – месцы грамадскага харчавання, аглядныя пляцоўкі, месцы, дзе можнага пазагараць і паплаваць… Уся канцэпцыя аднаўлення грунтуецца на гістарычных фактах, якія рупліва прааналізаваны Ігарам Лапехам і Яўгенам Сыцько.
Будзем спадзявацца, што гродзенскія ўлады прыслухаюцца да гэтых прапановаў і будзем сачыць за лёсамі даліны Ласасянкі і планамі па яе добраўпарадкаванні.