Да гарадзенскіх “Варвараў” едуць госці з Калінінграда – бурштынавыя “Ястрабы”

Пачаткова гарадзенцы павінны былі правесці гульню ў гасцях, але ў федэрацыі не знайшлося даступных суддзяў з візамі для абслугоўвання матчу ў Калінінградзе, таму было прынята рашэнне перанесці гульню ў Гродне.


“Каляндар трохі змяніўся. У жніўні мы адправімся да іх у госці. Паколькі матч перанеслі, то старанна падрыхтавацца да гульні ў Гродне не атрымалася. Пра гэтую праблему даведаліся 11 мая, і ўжо 16 мая атрымалі пацвярджэнне ад ЦСК “Нёман” аб тым, што поле даступна. Праўда, не будзе часу нанесці нармальную разметку, бо перад намі на поле будзе ліцэнзаванне ў футблiстаў, а пасля ўжо проста не паспеем. Таму разметка будзе зноў з малярнай стужкі”, – кажа галоўны трэнер “Варвараў” Аляксей Серабракоў.

 

Дарэчы, параза ў Віцебску занепакоіла многіх хлопцаў і наведвальнасць на трэніроўках палепшылася.

 

Матч супраць “Ястрабаў” для гарадзенскай каманды стане адным з вырашальных у гэтым годзе, менавіта з гэтай камандай “Варвары” будуць аспрэчваць другое месца ў турнірнай табліцы.


“Першую гульню з новым супернікам праводзіць заўсёды складана. Добра, што ёсць хоць адзін запіс іх гульні, ужо ўнеслі змены ў плейбук нападу. Нейкія папраўкі будзем уносіць ужо па-ходу гульні. З добрых навін: мы заявілі двух перспектыўных маладых гульцоў. Адзін адразу ў стартавы склад абароны, другі будзе гульцом ратацыі ў нападзе, але, хутчэй за ўсё, атрымае прыстойную колькасць снэпаў (гульнявога часу)”.

 

Матч супраць бурштынавых “Ястрабаў” пройдзе 28 мая ў 17.30 на штучным полі ЦСК “Нёман”. Уваход вольны.