Кампазіцыя са старога ясеня гатовая, але забіраць яе ніхто не спяшаецца

|

Напярэдадні фестывалю да Скляра так і ніхто не звярнуўся, хоць работа была выкананая строга ў тэрміны. Мінула ўжо тры тыдні пасля свята, а частка экспазіцыі дагэтуль стаіць у двары ў майстра. Ён спяшаўся каб паспець у час, ды рабіў працу цалкам бясплатна.

 

Выкананая работа складаецца з дзвюх частак. Першая ў выглядзе лавачкі, застался ў разбяра, а другая ў выглядзе ствала дрэва са словамі “Не забывай пра мінулае і думай пра будучыню” знаходзіцца ў Зелянбудзе.


“Я нікога не абвінавачваю. Сваю працу я зрабіў у тэрмін. Але потым мабыць памяняліся планы ў ЖКГ і тэрміны вырашылі перанесці”, – кажа Мікалай Скляр.

 

 

У ЖКГ патлумачылі, што пра работу майстра не забылі і спасылаюцца на тое, што Скляр быў у шпіталі і яны яго стараліся не турбаваць. Таксама ў работу майстра ўнеслі змены архітэктары. Намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай і інфармацыйна-выхаваўчай рабоце ЖКГ Сяргей Сямашка паабяцаў, што ў хуткім часе кампазіцыяй у парку Жылібера зоймуцца.

 

Нагадаем, стары ясень спілавалі пасля абследавання, праведзенага спецыялістамі “Гродназелянбуда” і навукоўцамі Гарадзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Спецыялісты адзначылі, што дрэва нельга выкарыстоўваць як помнік, бо яно знаходзілася ў крытычным стане.

 

Таго ж меркавання прытрымліваўся і разбяр Мікалай Скляр.


“Каранёвая сістэма ясеня прыйшла ў такі стан, што яшчэ б пару гадоў і гэты вялікі кавалак дрэва проста б паваліўся на каго-небудзь. Ніколі паважаны сябе разбяр або скульптар не зробіць на карані скульптуру. Правільна зрабілі, што абрэзалі і пасадзілі маладое дрэва. Але трэба даводзіць работу да канца”.