Зварот “Зялёнага дазора” падзейнічаў: будаўнікі пачалі выпраўляць хібы ва ўпарадкаванні парку ля гарадзенскага ПВТ

|

Пад час добраўпарадкавання тэрыторыі ПВТ будаўнікі пашкодзілі каля 30 дрэваў. Абадраная кара, пасечаныя камлі, пражэктары, прыбітыя да дрэваў цвікамі – такую карціну пабачыў адзін з актывістаў “Зялёнага дазору”, выйшаўшы на шпацыр у новую паркавую зону.

 

Фотафакт: пры будаўніцтве Парку высокіх тэхналогій у Гродне пашкодзілі дрэвы ў даліне Юрыдыкі

 

Дазорныя склалі зварот у Гродзенскую гарадскую і раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў. Подпісы пад дакументам пакінулі 31 чалавек.

 

Інспекцыя разглядала зварот сумесна са спецыялістамі “Гродназелянбуда” з выездам на месца. У выніку трэст “ГроднаГарБуд” атрымаў прадпісанне на ліквідаванне пашкоджаннняў – апрацоўку месцаў абдзіраў кары спецыяльнымі сродкамі. Таксама інспекцыя скіравала шэраг лістоў у буйныя будаўнічыя арганізацыі горада, у якіх папярэдзіла, што ў час будаўніцтва абавязкова трэба прымаць меры для захавання дрэваў.

 

 

Са словаў Алега Прохарава, галоўнага інжэнера “ГроднаГарБуд”,  пашкоджаныя дрэвы пачалі пакрываць сродкамі для зажыўлення раніцай 30 чэрвеня. Гэта, да слова, апошні тэрмін, вызначаны інспекцыяй у прадпісанні.

 

Што тычыцца інфармацыйнай работы, то яе, згодна з прадпісаннем, трэба правесці да 15 ліпеня. Гэта значыць, што на ўсіх будаўнічых аб’ектах трэста будуць мэтава праведзены інструктажы, дзе яшчэ раз нагадаюць аб мерах неабходных для захавання дрэваў ды іншых “аб’ектаў расліннага свету” пад час будоўлі.

 

Алег Прохараў удакладніў, што гэтым разам ніякіх пакаранняў арганізацыя ці канкрэтныя выканаўцы не атрымалі. “На першы раз інспекцыя абмежавалася толькі прадпісаннем. Але калі яго не выканаюць у тэрмін, то кіраўнік будаўнічых работ аб’екта атрымае штраф”.

 

 

У першай палове дня частка дрэваў была ўжо апрацавана, іншыя заставаліся без апрацоўкі. Заставаліся на месцах і прыбітыя цвікамі пражэктары.

 

 

Прыродаахоўная служба горада ў адказе “Зяленаму дазору” выказала “ўдзячнасць за нераўнадушнае стаўленне да навакольнага асяроддзя”.

 

Што да “Зяленага дазору”, то гарадзенская каардынатарка руху Алена Майсюк кажа, што дазорныя і надалей не будуць пакідаць такія рэчы па-за ўвагай, бо справа захавання Гродна зялёным горадам гэта задача найперш для саміх гарадзенцаў. “Мы шукаем актывістаў, каторыя гатовы дзейнічаць. Разам мы зможам стварыць каманду, каторая ўсе праблемы зможа вырашыць!”

 

Самую першую інфармацыі пра тое, што рабіць, калі нехта наносіць шкоду прыродзе, можна знайсці ў даведніку “Зялёнага дазора”. Таксама можна атрымаць неабходныя кансультацыі  на сайце і ў гарадзенскіх суполках дазора ў сацыяльных сетках FB ці ВК.