“Паміж роварам і музыкай не выбіраю”. На веламарафоне “Суседзі” гучала музыка ад DJ-раварыста

 

“Я катаюся практычна кожны дзень, – пачынае  Алік, – таму што гэта проста добра”. Калі вострай патрэбы ў аўтамабілі няма, то ровар – вартая альтэрнатыва грамадскаму транспарту, якая дае прыемную нагрузку, каб адпачыць ад працы за камп’ютарам, лічыць Алік. “Ровар ужо стаў часткай майго стылю жыцця. Бывае, еду міма пробак на шашы і думаю, што таксама мог бы тут стаяць, і што ровар часам мае перавагу перад аўтамабілем”.

 

На думку Аліка, ровар дае адчуванне свабоды і ўласнага выбару. Таму ўдзельнічаць у масавых “пакатушках” яму не дужа даспадобы. “Часам сябры запрашаюць, маўляў, “увесь горад будзе наш, па дарозе паездзім, міліцыя шлях саступаць будзе”, але гэта не тое. Рух у натоўпе скоўвае. Хаця па дарозе праехацца было б добра”.

 

“Цікавая траса і файная музыка”. Веламарафон “Суседзі” – не толькі спорт

 

Унёсак у развіццё роваравага руху, лічыць дыджэй-раварыст, робяць не толькі вялікія мерапрыемствы, але і кожны раварыст. “Калі шмат людзей перамяшчаюцца на роварах, то горад мусіць адаптавацца пад іх патрэбы. Гэта магчымасць зменаў, што ідуць знізу ўверх”. Калі ж раварыстаў як масавую з’яву ігнараваць, то жыць у горадзе будзе складана ўсім – і раварыстам, і аўтамабілістам, і пешаходам.

 

 

З музыкай сітуацыя падобная. Хаця раней дыджэі на марафоне не працавалі і Алік стаў першым, ён кажа, што вялікага хвалявання гэта не выклікала: “Частка працы дыджэя ў тым, каб уявіць сабе дзе будзеш працаваць і што там будзе”. Шаблонная сітуацыя кшталту клуба дзе ўсе п’юць і танцуюць – далёка не адзіны варыянт.

 

 

“Я люблю граць у нефарматных месцах і марафон акурат такі выпадак. Мая роля ў тым, каб стварыць добрую фонавую атмасферу, бо на гэту імпрэзу людзі прышлі найперш з іншай нагоды”.  Веламарафон стаў для многіх святам сустрэчы з сябрамі, магчымасцю правесці выходны на прыродзе. Таму і падабраная для імпрэзы музыка “не навязвала сябе і не грузіла, а толькі падкрэслівала атмасферу”.

 

 

Алік грае з кружэлак, таму не заўсёды  ёсць магчымасць “паставіць мелодыю, што прыйшла на думку, ці выканаць нешта па заяўцы”. У дыджэйскай музыцы альтэрнатыву гэтаму складаюць уласныя фішкі ад кожнага выканаўцы. “Я вельмі люблю старыя савецкія кружэлкі. На іх часам ёсць “не вельмі трэшовыя” кампазіцыі, што і сёння гучаць актуальна”. Многія з такіх песень раней не мелі шырокага распаўсюду, ды і тэхнічных магчымасцяў апрацоўкі музыкі было нашмат менш. Зараз, са словаў Аліка, людзі часта вельмі здзіўляюцца, калі пазнаюць у дыска-кампазіцыі колішнюю мелодыю.

 

Веламарафон за дзве хвіліны: адчуйце настрой свята (відэа)

 

Сёлета Алік упершыню браў удзел у марафоне, хаця не на спартыўнай, а на музычнай дыстанцыі. “Калі б не прапанова паіграць, то напэўна стаў бы ўдзельнікам, – кажа ён, – незважаючы на надвор’е”. Ровар у гэтым сэнсе ўніверсальны: калі на вуліцы горача, то ехаць з ветрымам больш прахалодна, а калі холадна, то гэта толькі да першага пад’ема.

 

 

Хаця ў дзень марафона Алік быў больш дыджэям, чым раварыстам, то прызнаецца, што паміж музыкай і роварам  не выбірае: “І адно, і другое стварае частку майго жыцця. Проста – у адпаведны час і ў адпаведным месцы”. Яго персанальны “марафонскі заезд” адбыўся пазней, калі, адыграўшы на марафоне, Алік вярнуўся ў горад.

 

Здымкі аўтаркі