Дзеці “пажартавалі” з сабакі і скінулі яго з вышыні. Жывёлу ратавалі супрацоўнікі МНС
Сабаку ў стрэсавым стане ратавальнікі перадалі валанцёрам “Адданага сэрца”, якія завезлі яго ў клініку. Таксама валанцёрам удалося распытаць мясцовых жыхароў, пра тое, як жывёла магла трапіць на казырок пад’езда.
“Адна жанчына распавяла, што дзеці 12-13 гадоў загналі сабаку ў пад’езд, а праз нейкі час бедная жывёла ляжала на казырку і выла. У нас дзве версіі: альбо дзеці моцна спалохалі сабаку і спусцілі на казырок, альбо скінулі яго з вышыні”, – распавяла “Твайму стылю” валанцёр Ліза.
У клініцы, куды завезлі жывёлу, паведамілі, што ў яе пашкоджаны тазавы сустаў, а таксама маюцца розныя пашкоджанні на мордзе, жудасная дыстрафія тулава, рахіт пярэдніх і задніх лап.
Пасля клінікі сабаку завезлі ў перапоўнены прытулак. За ім цяпер даглядаюць валанцёры. Жывёле прыкладна 5-6 гадоў.
Нагадаем, за апошні месяц гэта ўжо другі выпадак, калi жывёлу скідываюць з вышыні. Зусiм нядаўна мы пісалі пра ката, якога выкінулі з акна інтэрната па вуліцы Урублеўскага.