Лятучы шатландзец: 66-гадовы байкер прыехаў у Беларусь на Лідскі фэст

Байкер байкера заўжды падтрымае


У Гродне шатландскага байкера прымала (таксама байкерская) сям’я Адамовічаў. Ірына і Дзмітрый пазнаёміліся з ім сем гадоў таму на адным з фестываляў у Польшчы. “Джона ў кілце цяжка было не заўважыць нават у вялікім натоўпе”, – узгадвае Ірына. Пазней байкеры зафрэндзіліся ў сацыяльных сетках і падтрымлівалі сувязь віртуальна, а сёлета Джону ўдалося атрымаць беларускую візу і наведаць Гродна. “Мы радыя, што ён змог прыехаць. Паказваем яму горад, знаёмім з нашым жыццём. Англійскай трохі не хапае, але чалавек на двух колах заўсёды зразумее такога, як сам” – расказвае Ірына.

 

 

 

Гарадзенскія байкеры зладзілі мотавяселле


Passport. Papers. Come with me


Моцныя ўражанні ў бывалага падарожніка Беларусь выклікала адразу ад моманта перасячэння мяжы. “Гэта космас”, – смяцца Джон і тлумачыць – там ніхто не размаўляе па-англійску. Некалькі гадзін яго разам з байкам службоўцы перадавалі адзін другому, скіроўвалі то да аднаго, то да другога акенца, але апроч “Passport. Papers. Come with me” (Пашпарт. Дакументы. Прайдзіце за мной) сказаць ніхто нічога не мог. Камунікацыя са службоўцамі зводзілася да невербальных знакаў – хто ўсміхаўся, хто хмурыў бровы, што з цікавасцю разглядаў замежніка. Перамагло, урэшце, сяброўства –  Джона пусцілі ў Беларусь.

 

 

 

Беларуская экзотыка


За 50 гадоў, што Джон падарожнічае на байку, ён пабачыў і паспрабаваў шмат цікавага. Па час Трансільванскага ралі ў Румыніі давялося наслухацца  расповедаў пра Дракулу, на Elephant Rally, што праводзіцца на мяжы Германіі і Аўстрыі – ночыць у спальніку на снезе ў 30-градусны мароз, у Новай Зеландыі лавілі з мясцовымі рыбу, а ў Аўстраліі нават хадзілі на паляванне. З беларускай экзотыкі падарожніка здзівіў звычай збіраць грыбы і прыхільнасць мясцовых да страваў з іх. У Шатландыі гэта не прынята, але пакаштаваць незвычайную ежу было цікава.

 

 

 

Насарогі ў бульбу не хаваюцца. Гарадзенскі байкер пра клубнае жыццё і гісторыю мясцовага байк-руху


Дарогі добрыя, а правілаў няма


Разважаючы пра адметнасць краіны, Джон адзначыў добрыя дарогі ў Беларусі, але ўвесь час дзівіўся стылю кіравання транспартам і паўсюдным парушэнням правіл. “У нас байкер пераважна едзе па дарозе роўна, трымаецца адной паласы. Тут – увесь час лавіруе і ляціць на неверагоднай хуткасці”. Зразумець, чаму так адбываецца, Джону пакуль не ўдаецца. Кажа, на Захадзе, калі намалявана рыса і вядома, што яе нельга перакрочыць, ніхто не будзе і спрабаваць. Ва Усходняй Еўропе ўсе не так адназначна.

 

 

 

Узрост – толькі лічбы ў пашпарце


Што да свайго веку, то гэта для Джона не больш, чым проста лічбы ў пашпарце. “Некаторыя і значна маладзейшымі жывуць сумна, а мне усё цікава”. Стыль жыцця для яго вызначае байк – падарожнічаць, паводле шатландца, нашмат цікавей, чым лічыць пражытыя гады.

 

 

 

Дарогі чакаюць


“Раніцай я праверу паліва і алей к сваім байку, адзену прапыленую куртку і паеду на фэст. А праз два дні працягну сваё падарожжа. Наперадзе – вялікае кола па Еўропе”, – расказвае Джон. Дома ў Ротсеі яго бачаць ці не менш, чым за межамі краіны. “Сябры кажуць, што я “Лятучы Джон” – бо злавіць, як вецер, амаль немагчыма”.

 

 

Фота Яўгена Марозава і са старонкі Джон Вэбстэра ў FaceBook