Гарадзенцам прапануюць закрыць сезон адпачынку яркімі фарбамі
Свята пачнецца ў 12.00 з выступаў дыджэяў, гуртоў і танцавальных калектываў, а працягнецца фестывалем электроннай танцавальнай музыкі да 4 гадзін раніцы. Арганізатары вырашылі парадаваць гарадзенцаў чарговымі гучнымі імёнамі. На фестывалі выступіць гурт “Дай дарогу!”, а ўначы свой сэт прадставіць мясцовы дыджэй з сусветным імем Arston.
“Гасцей фестывалю чакае 17 гадзін якаснай айчыннай і замежнай музыкі. Мы папрацавалі над памылкамі, якія ў нас былі раней, і спадзяемся, што госці гэта заўважаць. Мы павялічылі колькасць масавых кідкоў, іх будзе 10. Таксама, мы запрасілі на фестываль абласное ўпраўленне МНС, якое зладзіць паказальны выступ з інтэрактывам з гледачамі ды прадэманструе пажарную тэхніку.
Каб даць гледачам больш якасную праграму і больш шырокі склад артыстаў, гэтым разам з 18.00 мы робім платны ўваход. Да 18.00 уваход застаецца па-ранейшаму вольным, папярэдні білет можна абмяняць на ўваходзе на пакецік фарбы”, – распавёў каардынатар фестывалю ў Гродне Віктар Барысевіч.
У дзень фестывалю, 27 жніўня, да месца правядзення мерапрыемства будзе арганізавана праца дадатковых рэйсаў па маршруце Аблфілармонія – маёнтак “Каробчыцы”. Аўтобусы будуць хадзіць кожныя 15 хвілін. Кошт праезду: 1,00 руб.