“Джэчкі таксама чалавечкі”. Як артапед, кардыёлаг, афтальмолаг і стаматолаг лечаць жывёл у ветклініцы “Сябры”

|

Гэта патрэбна гораду


Задумку стварыць у Гродне сучасную ветэрынарную клініку Кацярына мела здаўна, яшчэ з часу, калі вучылася на ветэрынарным аддзяленні Гродзенскага аграрнга ўніверсітэта. Рэалізаваць ідэю ўдалося толькі сёлета. “Шукалі месца ў цэнтры, каб пры патрэбе дапамогі зручна было даехаць з любога месца горада”. Да таго ж, патрабаваліся шматлікія дазволы і ўзгадненні, бо ў гэтай ветэрынарнай клініцы першымі ў горадзе вырашылі мець уласны рэнтген-апарат, што выклікала дадатковыя патрабаванні да бяспекі.

 

 Адзіны ў горадзе рэнтген-кабінет для жывёлаў працуе ў ветэрынарнай клініцы “Сябры”

 

“У нашай камандзе ёсць артапед-траўматолаг, а без рэнтгена траўматалогія не можа абысціся. Ды пры іншых паталогіях такая дыягностыка часта неабходная”, – тлумачыць Кацярына. Раней, калі ў горадзе не было ніводнага рэнтгенаўскага апарата для жывёл, гаспадарам траўмаваных пітомцаў даводзілася “па блату” ўгаворваць зрабіць здымкі ў звычайных бальніцах. “Нікому тое не было зручна. Ні ўладальнікам жывёлаў, ні лекарам-рэнтгенолагам. Паслуга была патрэбна гораду, і мы гэта зрабілі”.

 

У артапедыі і траўматалогіі без рэнтгена не абысціся. Дзякуючы апарату за пару хвілін ветэрынар атрымлівае здымкі для больш дакладнай дыягностыкі

 

Апроч рэнтген-кабінета з праявачным пакоем у клініцы ёсць аперацыйны блок, лабараторыя, два кабінеты для прыёма, “палата” для стацыянарных пацыентаў і ветэрынарная аптэка. Разам з тэрапеўтамі прыём вядуць артапед-траўматолаг, афтальмолаг і стаматолаг.

 

У лабараторыі клінікі робяць усе неабходныя аналізы. Кроў можна ўзяць адразу на прыёме і вельмі хутка атрымаць адказ. Для дакладнай дыягностыкі гэта вельмі важна

 

Пагляд у мікраскоп адкрывае дзверы ў мікрасвет крыві – для спецыяліста гэта даставерная крыніца інфармацыі для дыягностыкі стану пацыента

 

“Перад аперацыяй жывёлку трэба вымыць, высушыць фенам, усталяваць унутрывенныя катэтары. У самой аперацыйнай пабач з хірургам заўсёды працуе  ветэрынар-анестэзіёлаг. Па манітору вядзення ён адсочвае стан пацыента – здымае ЭКГ, кантралюе ціск і пульс, назірае за іншымі жыццёва важнымі функцыямі”, – распавядае Кацярына. На інструментальным століку хірурга – упакоўкі са стэрыльнымі інструментамі, побач – каагулятар для купіравання крывацёкаў і кіслародны канцэнтратар – на выпадак, калі ў жывёлы пад час аперацыі ўзнікаюць цяжкасці з дыханнем.

 

У бліжэйшых планах клінікі – набыць УЗІ-апаратуру, а таксама праводзіць кардыялагічныя абследаванні. “Гэта ніша ў Беларусі пакуль вольная. Прынамсі ў Гродне ветэрынараў-кардыёлагаў да гэтага часу не было, хаця кардыялагічныя пацыенты сярод жывёл – даволі распаўсюджаная з’ява”.

  

Джэк – адзін з самых складаных стацыянарных пацыентаў. За час лячэння ён зусім асвоіўся у клініцы. Прынамсі, у ардынатарскай пачувае сябе “сваім чалавекам”

 

Новы ўзровень ветэрынарыі, паводле Кацярыны, гэта патрабаванне часу. Доўгія стагоддзі, што людзі правялі побач з хатнімі жывёламі, глыбока паўплывалі і на адных, і на другіх. “Зараз рэдка пачуеш штосці кшталту “гэта ж толькі сабака, навошта яго (так) лячыць”. Часцей кажуць “зрабіце ўсё што можна, каб уратаваць, ён нам як родны, чалец сям’і”.  Што да жывёлаў, то казаць “звяры” на тых хатніх гадаванцаў, што давялося пабачыць у клініцы, неяк нават няёмка. Велізарная чорная аўчарка спакойна працягвае лапу, каб узялі аналіз крыві, і не кідаецца кусацца за зроблены ўкол.

 

Аўчарку Джэсіку, што прывёў на прыём Аляксей Лазар, нават няёмка называць “зверам”. Такой шляхетнасці і вытрымкі, як дэманстравала яна на прыёме, трэба яшчэ пашукаць. Хаця некаторыя лічаць, што хворыя аўчаркі звычайна плаксы

 

Аналіз крыві ў Джэсікі ўзялі на прыёме, даследаванні правялі адразу – для адсочвання дынамікі стану пацыента важна мець дакладную і аб’ектыўную інфармацыю

 

 

Лахматы ёрк пад кропельніцай уздыхае і нібы саромеецца, што з’еў нешта “не тое” і вось – нарабіў сям’і клопату – жанчына з дачкой-падлеткам сядзяць побач.

 

Аксана і Наста Сямёнавы прывялі на прыём ёрка Рычарда: “Першы раз за тры гады патрапілі ў шпіталь, вельмі перажываем. Але яму ўжо стала лепш”

 

 

Да самага даўняга і складанага пацыента клінікі, сабакі Джэка, тут і ўвогуле часта звяртаюцца з жартаўлівы пытаннем: “Калі ўжо скажаш “абырвалг?”

 

Працэдуры – гэта зусім не сумна. Пакуль апараты “міастымулююць” пашкоджаную лапу, можна трохі паласціцца з лекарам. А што тут такога? Яму таксама патрэбна ўвага

 

Рэабілітацыйныя працэдуры для Джэка распрацаваны індывідуальным падборам, каб стымуляваць працу мышц. Інакш ён можа зусім забыць, як хадзіць і праца лекараў застанецца марнай. Зараз, з нагоды пашкоджання абедзьвюх задніх ног, Джэк навучыўся хадзіць на пярэдніх лапах. Ветэрынары жартуюць, што з такімі тэмпамі можа хутка ператварыцца ў чалавека, як Шарык з Булгакаўскага “Сабачага сэрца” 


Джэк разумее гумар і ўсміхаецца на жарты. А часам нават смяецца ўголас

 

Джэк на іх жарты толькі ўсміхаецца і на правах старажыла дазваляе сабе трохі пакапрызіць. “Часам есці згаджаецца толькі з маіх рук, – расказвае Кацярына, – інакш дэманстартыўна сядзіць і моўчкі на ўсіх пазірае. “Прыходзіцца ўлічваць запросы кліента, – кажа галоўная доктарка. – Джэчкі – таксама чалавечкі.” 

 

Для пацыентаў у клініцы ствараюць самыя спрыяльныя ўмовы. Калі раптам нехта (не будзем паказваць пальцам) капрызіць і згаджаецца есці толькі з рук галоўнай лекаркі, то так таму і быць


Гэты сабака знаходзіцца ў клініцы ўжо месяц. Так сталася, што амаль вылечыўшы пералом нагі, ён патрапіў пад машыну. “Паўторная траўматызацыя цяжка паддаецца лячэнню, бо арганізм ужо знясілены”. Дагляд за такім пацыентам патрабуецца вельмі пільны – штодня мяняць павязкі, рабіць масаж ды іншыя працэдуры. А пасля лячэння патрэбна рэабілітацыя, бо пакуль жывёлка ў гіпсе, мышцы перастаюць працаваць. “Трэба літаральна нанова вучыць яго хадзіць.”

 

У Беларусі рэабілітацыя ў ветэрынарыі толькі пачынае прымяняцца. Інфармацыю аб рэкамендуемых метадах і рэжымах працэдур пакуль можна атрымаць пераважна з замежных публікацый ці – з уласнага досведу. Лекаванне Джэка, такім чынам, яшчэ і нагода для ўнікальнай практыкі

 

Для ўліку фізіапрацэдур на кожнага пацыента клінікі заводзіцца працэдурны ліст. Па ім адсочваюць эфектыўнасць прымянення той ці іншай працэдуры і дынаміку стану пацыента

 

 

Паміж выдаткамі і дабрачыннасцю

 

Клініка добра абсталяваная, узровень каманды высокі, таму сюды часта звяртаюцца з цяжкімі выпадкамі, што не ўзяліся лекаваць у іншых месцах. “Як прафесіяналам нам гэта цікава. Пры такой працы трэба ўвесь час удасканальваць майстэрства”. З іншага боку – высокі якасны ўзровень паслугаў патрабуе адпаведных выдаткаў – і абсталяванне, і праца рэдкіх спецыялістаў каштуюць грошай”. Калі гаворка заходзіць пра цэны, прыхозіцца тлумачыць, што яны абумоўлены неабходнасцю разлічыцца за набытае абсталяванне і замовіць новае, што мэта клінікі не нажыцца на чужой бядзе, а забяспечыць якаснае лекаванне. “Мы не на яхты з брыльянтамі трацім прыбыткі, а на развіццё, бо гэта патрэбна нашым пацыентам”.  

 

Апраменьванне лазерам – адзін з фізіятэрапеўтычных метадаў рээабілітацыі, што прымяняюць у клініцы


У Гродне, не самым вялікім горадзе Беларусі, “выжываць” клініцы зусім не проста:  “Кошты на абсталяванне для нас такія самыя, як для астатніх, а вось кошты нашых паслуг розняцца ад маскоўскіх ці піцерскіх разы ў чатыры. Нават у параўнанні з мінскімі яны меншыя ўдвая”. Таму і зарабляць на абсталяванне трэба ў разы даўжэй, чым сталічным калегам.

 

Тым не меней,  дабрачыннасці ў клініцы таксама не цураюцца.  Увесь час падтрымліваюць прытулак для бяздомных жывёлаў “Адданае сэрца” – дапамагаюць, наколькі маюць магчымасць. Бясплатна гэта рабіць не атрымліваецца, але пэўныя зніжкі для ахоўнікаў жывёл робяць. Нядаўна тут лекавалі кацяня, што невядомы выкінуў з акна чацвёртага паверха інтэрната.

 

 У Гродне з чацвёртага паверху інтэрната скінулі кацяня: зламысніка не знайшлі

 

***

 

Жыццё клінікі між тым ідзе сваім ходам. ”Кліент без папярэдняга запісу, шчанятка, не можа стаць на лапу, перастаў есці, тэмпература ад учорашняга дня – падыходзіць  да Кацярыны асістэнтка. – Прымеце? У другім кабінеце чакаюць”. 

 

Іван Пядышаў прынёс на прыём пакуль што безымяннага шчанюка. “З малымі шчанятамі клопатаў ці не больш як з дзецьмі. Уласнага досведу не стае – у нашай сабакі былі першыя роды. А шчанят прынесла адразу адзінаццаць”

 

Кацярына ідзе на прыём – сёння яе дзяжурства. Далей – як звычайна: агляд, здымак, кансультацыя, укол… І пакуль яна тлумачыць гаспадару, як трэба змяніць дыету мамы-сабакі  і шчанят, што карысна для іх роста і правільнага развіцця, як і калі самому даваць прапісаныя лекі, малое стала паднімаць галаву і нешта ціхенька яўкаць.

 

Той выгляд калі цябе садзяць на дыету і абяцаюць штодня даваць уколы


“Ну вось, ужо палягчала. Тэмпература хутка знізіцца, тады і апетыт вернецца. Дома ўколы самі рабіць зможаце? Зараз пакажам як. Вось тут калоць, у холку. Не хвалюйцеся, гэта проста. Як кажуць, галоўнае – патрапіць у сабаку”.

 

Здымкі аўтаркі