Польшча адмаўляецца ад Малога памежнага руху? На мяжы з Калінінградам бюджэт губляў 25 млн злотых штомесяц
Бязвізавага руху жыхары польска-беларускага памежжа чакаюць з 2010 года. Дамовы даўно падпісаныя і ратыфікаваныя, застаецца толькі фармальнасць – абмен дыпламатычнымі паведамленнямі. З гэтым беларускі бок цягне ўжо шосты год.
Малы памежны рух: як працуе, чаму беларускія ўлады супраць і калі ён з’явіцца на Гарадзеншчыне
Нядаўна паспяховы малы памежны рух на мяжы Польшчы і Калінінградскай вобласці быў прыпынены з ініцыятывы польскага боку. Спачатку часова, а цяпер, відаць па ўсім, на доўгі час. Міністэрства унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы падлічыла, што гэта карысна для дзяржаўнага бюджэту, які штомесяц губляў каля 25 млн злотых (5,7 млн еўра). Столькі падаткаў не заплацілі палякі, бо купілі бензін, алкаголь і цыгарэты не ў сябе, а ў Расіі, піша poranny.pl.
Дэпутат польскага сойму ад партыі ПО (“Грамадзянская платформа”) Роберт Тышкевіч лічыць, што такое рашэнне можа быць успрынята беларускім бокам як знак, што МПР – ужо не такі важны прыярытэт для Польшчы. Трэба лепей пільнаваць мяжу, а не пазбаўляць людзей зручнай формы міжнароднага кантакту, лічыць Тышкевіч.
Намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі, дэпутат з Падляшша ад кіруючай партыі ПіС (Права і Справядлівасць) Яраслаў Зяліньскі кажа, што яго партыя не адмаўляецца ад малога памежнага руху з Беларуссю: ён патрэбны для эканамічнай і культурнай камунікацыі. Зяліньскі не адмаўляе, што існуе праблема памежнага гандлю, але звяртае ўвагу на асаблівасць Беларусі – наяўнасць вялікай польскай меншасці, вялікай колькасці польскіх могілак, якія крыху змяняюць спецыфіку МПР.
У Польшчы МПР дзейнічае таксама з Украінай. І там не абыходзіцца без праблем. Самі украінцы скардзяцца на гіганцкія чэргі, выкліканыя велізарнай колькасцю памежных гандляроў.