Шахматы навучаць жыць. А гуляць у шахматы навучаць у “Партале”

|

 

Чаму вучаць шахматы? Логіцы, мысленню… – так. Аднак, калі глядзець глыбей, тут можна знайсці шмат прыхаваных сэнсаў, не бачных на першы погляд. Шахматы дадуць шмат карысных урокаў таму, хто не пашкадуе часу, каб авалодаць мудрай гульнёй.

 

Не варта чакаць, што пашанцуе. Трэба працаваць


У шахматах усё як у жыцці. На першы погляд падаецца, што ўсё вызначана знешнімі ўмовамі і правіламі. Тое, як першапачаткова стаяць фігуры, можна параўнаць з абумоўленасцю асяроддзем, дзе чалавек нарадзіўся і выхоўваўся.

 

 

Але, як і ў жыцці, выбар усё роўна ёсць – кожны сам будуе сваё жыццё і гуляе сваю гульню. На пачатку гульні, як на пачатку жыцця, ёсць незлічоныя магчымасці, але кожны ход абмяжоўвае наступны выбар. У выніку – кожны мае тое, што сам зрабіў. Усё створана ўласнымі рукамі.

 

 

“У шахматах няма выпадковасцяў – усё залежыць ад тваіх рашэнняў. Нельга выйграць таму, што “пашанцавала”. Такім чынам, шахматы вучаць самастойна прымаць рашэнні і несці з за іх адказнасць, не спадзяючыся на “чароўную халяву”.

 

 

Куды пайсці вучыцца, калі табе за 30? ТОП-7 адукацыйных прапановаў для дарослых у Гродне



Шахматы раскажуць пра чалавека больш, чым ён сам

 

“Гульня ў шахматы гэта не толькі аналіз сітуацыі, але і вывучэнне асобы суперніка. Шахматы – дуэльная гульня, яна раскрывае характар”. Эксцэнтрычныя людзі гуляюць у агрэсіўным стылі, адразу пачынаюць нападаць. Стрыманыя выбіраюць асцярожныя закрытыя дэбюты. “Асоба раскрываецца праз гульню, нібы выпростваецца сціснутая спружына – тут нельга сябе схаваць, адразу бачна сутнасць чалавека.” Нават калі гульня пачынаецца з аднолькавага дэбюта, яе канец залежыць ад гульца – кожны гуляе па-свойму.

 

 

 

Не дацягваеш да зарплаты і вечна спазняешся? Вучыся гуляць у шахматы

 

Шахматы даюць досвед тактычных і стратэгічных хадоў, яны вучаць мысліць. У жыцці такі досвед дапамагае эфектыўна размяркоўваць уласныя рэсурсы. “Для шахматыстаў натуральна прадумваць сітуацыі на некалькі хадоў наперад. Гэта дапамагае ў розных пабытовых сітуацыях – ад таго, як спланаваць маршрут, дзе трэба дапасаваць некалькі відаў грамадскага транспарту, да таго, як рацыянальна спланаваць бюджэт”.

 

Шахматы вучаць ацэньваць сітуацыі і ўласныя рэсурсы, каб выкарыстоўваць іх з максімальнай аддачай. Танная пешка можа сыграць ключавую ролю на дошцы, а дарагая фігура можа страціць каштаўнасць у пэўнай сітуацыі. Так, напрыклад, і ў жыцці – рацыянальнае планаванне адпачынку дае магчымасць добра правесці час за мінімальныя грошы.

 

 

 

Шахматы вучаць цаніць свабоду


Першае правіла шахмат – авалодаць цэнтрам поля – гэта дае свабоду выбару. “Калі фігура застаецца на ўскрайку, гэта абмяжоўвае магчымасці руху і зніжае эфектыўнасць, не дазваляе выкарыстаць усе магчымасці. Каб максімальна раскрыць яе патэнцыял, трэба выводзіць фігуру на цэнтр”.

 

 

Гэта правіла працуе і ў жыцці. Ёсць сэнс  выходзіць з зоны камфорта на шырокі прастор, бо толькі наяўнасць выбару дае шанец раскрыць уласныя здольнасці і атрымаць плён ад працы.

 

“Усё дзеля перамогі” – шахматы вучаць не закопваць талент у зямлю


Другое правіла шахмат – максімальна задзейнічаць усе фігуры. “У “Італьянскай партыі” Рэя Лопеса ўсе фігуры на актыўных пазіцыях. “Напрыклад, ладдзя. Яна каштуе дорага, але стаіць у куце і нічога не можа зрабіць. А слон каштуе менш, але са сваёй пазіцыі бачыць усё поле і можа хадзіць куды заўгодна.” Гэта сітуацыя паказвае, што ўсе фігуры трэба развіваць, каб яны былі гатовымі да атакі. Калі фігура ў абмежаванай пазіцыі, гэта ўсё роўна, што яе няма.

 

 

Так і чалавек, што выкарыстоўвае і развівае дадзеныя прыродай здольнасці, мае ад іх плён, калі ж ён “хаваецца ад жыцця па вуглах”, не выкарыстаны патэнцыял страчвае сілу. “Усе таленты варта развіваць і выкарыстоўваць дзеля перамогі. Інакш перамогі проста не будзе”. Нават слабыя фігуры могуць паставіць мат каралю, калі збіраюцца разам. Кожная адыгрывае сваю ролю і робіць унёсак у перамогу.

 

 

Гэта таксама як у жыцці – не трэба баяцца вучыцца, нават калі думаеш, што здольнасці невялікія. Трэба іх развіваць, бо невядома, што і калі можа ў жыцці прыгадзіцца – часта сітуацыю вырашаюць менавіта дробязі. А самы вялікі талент, калі яго не раскрываць і не выкарыстоўваць, застанецца бессэнсоўным.

 

“Караля трымай “у доміку” – шахматы вучаць абараняць слабыя бакі


У кожнага чалавека, як і ў кожнай шахматнай партыі, ёсць моцныя і слабыя месцы. І калі моцныя можна адкрываць, то слабыя трэба абараняць. У шахматах “слабым звяном” часта з’яўляецца кароль – яго трэба закрываць, “трымаць у доміку”. У жыцці такія “слабыя месцы” часта з’яўляюцца крыніцамі сілы і натхнення. Таму яны самыя адчувальныя. Самае дарагое варта берагчы і ахоўваць, бо ўдар па слабым месцы можа знішчыць усё. Шахматы, такім чынам, вучаць і ў жыцці “не падстаўляцца”.

 

 

“У гэтай партыі чорныя скарысталіся тым, што белыя перавялі ўсе фігуры на адзін бок – хацелі “пабольш з’есці”. Чорныя прадумалі глыбей і выйгралі гульню з другога фланга. Усё таму, што белыя пакінулі слабыя бакі без абароны – гэта ім і адазвалася”.

 

 

 

Шахматы як жыццёвы антывірус – вучаць распазнаваць “траянскіх коней”


“Ёсць дэбюты, дзе ад пачатку ахвяруюць не толькі пешкамі, але і больш моцнымі фігурамі. Адзін з велімі прыгожых пачаткаў ідзе ад абароны двух коней. Тут адразу ахвяруюць каня. Здавалася б, такі ход моцна зніжае  рэсурсы. Але ў выніку гэта ахвяра прыводзіць да перамогі”.

 

 

Гэта партыя вучыць задумвацца аб дармовых “падарунках лёсу”. Калі жыццё “падсоўвае халяву” варта добра падумаць, ці трэба такі падарунак прымаць. Магчыма, незаслужаны падарункак мае схаваную неспадзянку, як усім вядомы траянскі конь.

 

Справа ёсць справа, але сяброўства даражэй. Як у Гродне працуе бізнес, што пачынаўся з сацыяльных праектаў



Жыццё, і слёзы, і каханне –  у шахматах ёсць ўсё


“У гэтай партыі каралева стаіць на супрацьлеглым баку поля, яна далёка ад свайго караля, але нават адтуль стварае яму абарону”. Як і каханне ў жыцці – яно дае сілы і падтрымку незалежна ад часу і адлегласці. На дошцы ахвяраванне каралевы ў выніку прыводзіць да перамогі. Так бы мовіць, каханне перамагае ўсё. 

 

 

Яшчэ адна вельмі шляхетная рыса шахмат гэта тое, што караля нельга “пабіць” – пераможанага суперніка тут заўсёды пакідаюць “жывым”.

 

 

Жыццё, па сутнасці, таксама гуляе па гэтых правілах – заўжды дае чалавеку новы шанец. Нават калі гульня прайграна, можна ізноўку паставіць фігуры на дошку і пачаць нанова. Улічыць памылкі і атрымаць каштоўны досвед. А пасля выкарыстаць вопыт гульні ўжо ва ўласным жыцці.

 

Фота аўтаркі