“Горадня-Кракаў”. Цягнік нашай роспачы
Няшчасную электрычку на хаду раскручвалі, адкрывалі люкі ў падлозе, праз якія відаць было рэйкі, аддзіралі абшыўку вагона, каб схаваць там цыгарэты ці алкаголь. Гарластыя жанчыны і змрочныя маўклівыя мужыкі са спартовымі торбамі ехалі ў Польшчу, каб выгадна прадаць-набраць-перацягнуць тавар, зазвычай – нелегальна. Такімі нас гадамі бачылі польскія памежнікі і мытнікі.
Нешматлікія іншаземцы ехалі “спіртавозам” толькі ў адзін бок – у Беларусь. Каб вяртацца тым жа цягніком у родныя шэнгены, трэба мець, як у кантрабандыста, сталёвыя нэрвы.
І вось, цяпер, пасля доўгага перапынку, “палякі ізноў пусцілі цягнік”. Усё мае быць па-еўрапейску: цягнік едзе ажно да Кракава. Паўнавартасны міжнародны маршрут.
Польскі бок выказваў нясмелую надзею на тое, што ў новым цягніку больш не будуць раскручваць, адгінаць, ламаць і запіхваць. Я таксама чакаю нагоды, каб спакойна і камфорту праехацца гэтым цягніком – без “ператрахвання” і чэргаў як на аўтамабільнай мяжы. Усё ж мінула столькі гадоў, з тых найбольш шалёна-кантрабандных часоў. І хто ж будзе разбіраць новы цягнік? Але не. Раскручваюць.
Мы хочам скасавання візаў у Польшчу і Шэнген? Мы хочам, каб да нас ставіліся, як да людзей, а не натоўпу варвараў? Трэба спачатку перастаць быць варварамі. “Стучаць” на “кантрабасаў”, якія не ад добрага жыцця цягаюць цыгарэты ў Польшчу і абвешваюцца сасіскамі пад вопраткаю на зваротным шляху – кепска? А бачыць, як разломваюць чужую маёмасць, а разам з ёй разломваюць і раскручваюць наш воблік НАРМАЛЬНЫХ людзей, еўрапейцаў?