Падазраванага ў крадзяжы з Сынкавіцкай царквы вызначылі з дапамогай экспертаў-генэтыкаў
Крадзеж дароў з іконы Сынкавіцкай царквы стаў рэзананснай справай. Вядомасць і самой царквы XV стагоддзя, і цудадзейнай “Усецарыцы”, што, па словах вернікаў, лякуе анкалагічных хворых, сягае далёка за межы малого мястэчка з Зельвеншчыны. Сёлета, 4 мая, з’явілася паведамленне ад рабаўніцтве храма. Злодзеі распілавалі аконныя краты і вынеслі дары – ювелірныя ўпрыгожванні, што ахвяравалі “Усецарыцы” за ацаленне ад хваробаў.
“На месцы здарэння праводзяцца неабходныя следчыя дзеянні”, – сцісла каментавалі тады ход працы. Зельвенскі раённы аддзел Следчага камітэта распачаў крымінальную справу па ч.1 ст.205 Крымінальнага кодэкса Беларусі па факту крадзяжа, былі сабраны рэчавыя доказы, прызначаны неабходныя экспертызы.
“З месца здарэння заўсёды вымаюць шмат прадметаў, што могуць аказацца рэчавымі доказамі, – распавядае кіраўнік упраўлення лабараторных даследванняў доказаў біялагічнага характару Сяргей Драгун. – Наўпрост на месцы з рэчамі працуюць дактыласкапісты, шукаюць на прадметах адбіткі пальцаў, па якіх можна ідэнтыфікаваць злачынцаў. Калі гэтыя экспертызы не даюць вынікаў, рэчы накіроўваюць на біялагічную, у тым ліку генетычную экспертызу”.
Колькі квасу трэба выпіць, каб ап’янець? Судова-медыцынскі эксперт ставіць вопыты на сабе
Гэтым разам злачынцы аказаліся “граматнымі” – працавалі ў пальчатках. Таму знайсці прыдатных для вызначэння адбіткаў пальцаў не ўдалося. Рэчы, знойдзеныя на месцы крадзяжу, скіравалі да экспертаў-генэтыкаў. “Мы атрымалі шмат аб’ектаў для даследвання, знойдзеных на месцы злачынства – нават лупінне ад семак, – распавёў Сяргей Драгун. – На месцы здарэння немагчыма адназначна вызначыць, якія рэчы маюць дачыненне да злачынства, а якія знаходзяцца тут выпадкова. Мы працавалі з усімі прадметамі”. Знайсці “генетычны матэрыял” – клеткі эпітэлія, верхняга слою скуры чалавека, удалося толькі на адным з прадметаў.
Сяргей Арановіч, намеснік начальніка аддзела судова-біялагічных і судова генетычных экспертыз за працай з узорамі змываў
Пад час працы з рэчамі робяцца змывы з паверхні, атрыманая вадкасць цэнтрыфугуецца для выпарвання вільгаці. Асадак вывучаецца на наяўнасць біялагічнага матэрыяла. Калі яго знаходзяць, праводзіцца генетычная экспертыза.
Дакладнасць даследвання 99,9% – вынік “вельмі сур’ёзных” матэматычных разлікаў. “Пралічана, як часта розныя генетычныя варыяцыі могуць сустракацца сярод розных чалавечых папуляцый, у тым ліку сярод беларусаў. Калі верагоднасць супадзення 1 да 100 мільярдаў, то сумневаў у прыналежнасці пакінутых слядоў не застаецца”.
Судова-медыцынскі эксперт-біёлаг Юлія Заерка за апрацоўкай вынікаў генетычных даследванняў
Вынікі генетычных даследванняў параўналі з банкам дадзеных. Чалавек з такім генатыпам ужо быў там зафіксаваны. “Зараз падазраваны затрыманы. Следства працягваецца. Больш падрабязная інфармацыя пакуль не можа быць дадзена, каб не пашкодзіць следству”, – пракаментаваў начальнік прэсавай службы УУС Гродна Яўген Дудко.