Не перамагла ў праекце, але завяршыла пачатае. Гарадзенка выратавала вулічны баскетбол у сябе на раёне

|

Хаця яна і не здолела перамагчы ў праекце “Горад”, дзе планавала здабыць грошы на рэканструкцыю баскетбольных пляцовак, яна ў выніку знайшла іншы спосаб дасягнуць мэты.


“Я не апусціла рукі і працягнула завяршаць пачатую справу да канца. Я пайшла да жыхароў бліжэйшых дамоў з просьбай дапамагчы ў рэканструкцыі вулічных пляцовак. У выніку адгукнулася больш за 280 сем’яў. Як аказалася пазней, пляцоўкi для баскетбола сталi вельмі запатрабаванымi. Я нават не ведала, што ў нас столькі аматараў гэтай гульнi”, – кажа Вольга.

 

Як гарадзенка спрабуе адрадзіць дваравы баскетбол у сваім раёне

 

Новая агароджа, новыя кольцы і шчыты

 

Акрамя мясцовых жыхароў за справу ўзяўся і УЖРЭП Ленінскага раёна, “Гродзенскі завод сантэхнарыхтовак”, а таксама вучні школы №27 і навучэнцы гуманітарнага каледжа. Усяго Вользе ўдалося сабраць 14 млн 202 тысячы недамінаваных рублёў. Гэтага хапіла на матэрыялы, а горад узяўся тым часам за работу па ўстаноўцы агароджы. Шчытамі ж займалася Вольга са старшынямі дамоў.


“Справа трохі зацягнулася, на ўсё лета, але мы здолелі зрабіць две пляцоўкi і выканалі свой першы план. Наперадзе ў нас правядзенне турніру па вулічным баскетболе, а таксама ўстаноўка лавак. Пляцоўкi запатрабаваныя і гэта радуе. Прыязджаюць да нас гуляць нават хлопцы з іншых раёнаў горада. Некаторыя кажуць, што ў нас цяпер асноўная гарадская пляцоўка, “як у Еўропе”.


Другая пляцоўка без агароджы, але затое з добрымі кольцамі

 

Пасля рэканструкцыі спартыўных пляцовак, жыхары раёна прапанавалі Вользе заняцца і рознымі іншымі справамі. Напрыклад, пляцоўкай для выгулу сабак. Але гэтым Вольга займацца не спяшаецца.


“Рабіць усё гэта цяжка, але прыемна. Я не планую чымсьці падобным займацца ў бліжэйшы час, бо маю сваю работу. Баскетбольная пляцоўка – гэта было жаданне нешта зрабіць для свайго раёна, мне хацелася давесці пачатае да канца. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, я гэта зрабіла і ведаю цяпер усіх старшыняў суседніх дамоў, а таксама многіх жыхароў. Шчыра скажу, такія агульныя справы і гуртуюць суседзяў”.


Як гарадзенцы змагаліся за прыз рэаліці-шоў “Горад”