У цэнтры Гродна будзе на яшчэ адну бясплатную паркоўку менш

|

Занепакоеныя гарадзенскiя аўтамабілісты негатыўна ставяцца да такіх дзеянняў мясцовых уладаў.


“Як гляджу на гэта? Вельмі дрэнна! Навошта ліквідаваць парковачныя плошчы, якіх і так мала? Навошта марнаваць нашы грошы на тое, каб зламаць тое, што раней пабудавана за нашы ж грошы. Сам у цэнтр я рэдка заязджаю, толькі калі дзяцей у школу або са школы вязу, але платная паркоўка на Віленскай – гэта лухта.


Хто хоча платную паркоўку будаваць, дык няхай возьме пустыр i ўладкуе там паркоўку, але не трэба бясплатныя месцы з цэнтра горада прыбіраць. Вунь, пустыр ля лікёрагарэлачнага, будуйце там платную, чаго не, ці не акупіцца? У нармальных краінах платная паркоўка служыць для ўпарадкавання руху, у нас жа толькі для ўзбагачэння кагосьці. Пры наяўнасці платнай паркоўкі, павінна быць і бясплатная, хай крыху далей, але абавязаная быць”, – сказаў кіроўца Аляксандр.


Цэнтр Гродна пачынаюць вызваляць ад машын

 

Нагадаем, апошнім часам аўтамабілістаў Гродна пазбаўляюць бясплатных парковак у цэнтры. Нядаўна зменшылі паркоўку на Віленскай, якая ў будучыні будзе служыць толькі для кіроўцаў з інваліднасцю.

 

 

Меркаваннем аб паркоўках падзяліўся гарадзенскі каардынатар “Гавары праўду” Дзмітрый Бандарчук, які таксама з’яўляецца кіроўцам.


“З аднаго боку, улады робяць правільныя крокі, каб зрабіць цэнтр горада меней зручным, каб дабірацца туды на аўтамабілі, і стымуляваць выкарыстоўваць для гэтага грамадскі транспарт. Бо горад расце, а разам з ім і колькасць аўтамабіляў. Можна запланаваць і пабудаваць новыя мікрараёны з шырокімі дарогамі і паркоўкамі, а цэнтр горада пашырыцца не можа. І статус гісторыка-культурнай каштоўнасці цэнтра загадвае захоўваць яго ўнікальнасць у нязменным выглядзе.


З другога боку, каб гэтыя добрыя задумы нашых уладаў знайшлі больш адабрэння у гарадзенцаў, пачынаць варта было б з парковак каля абласнога і гарадскога выканкамаў. Хай бы і чыноўнікі паездзілі на тралейбусах – глядзі, і на грамадскі транспарт звярнулі б увагу”.

 

Сваім меркаваннем наконт парковак падзяліўся і звычайны гарадзенец Уладзімір.


“Нічога акрамя непаразумення і абурэння ні ў мяне, ні ў маіх знаёмых гэтыя дзеянні ўладаў не выклікаюць, інакш як шкодніцтвам гэта і не назавеш. Створаную за бюджэтныя грошы інфраструктуру, за бюджэтныя ж грошы і руйнуюць. Усё б добра, але камунальнікі тры гады не могуць прывесці ў парадак дваровы праезд па вуліцы Міра, спасылаючыся на адсутнасць сродкаў і матэрыялаў. Адкуль сродкі на разбурэнне парковак? За чый кошт банкет?


У цэлым выдатная ідэя губіцца проста на корані. Каб на платную стаянку прыйшоў наведвальнік, яе трэба зрабіць зручнай, інтуітыўна зразумелай, а не безальтэрнатыўнай.


Я лічу, што многія рашэнні і “ноў хаў” у першую чаргу варта было б пратэставаць на стаянках каля выканкамаў. Калі б кіроўцы на гэтых стаянках пабегалі ў пошуках патрэбнай купюры для аплаты, глядзіш, і сістэма аплаты стала б больш зручнай”.