Уваход толькі па картках. У школе №18 у Гродне запрацавала новая прапускная сістэма
Работы па ўстаноўцы прапускной сістэмы ў школе пачаліся яшчэ год таму. Тады ж планавалі запусціць сістэму. Але зрабіць гэтага не атрымалася – не было грошай. З часам грошы знайшліся і сістэму запусцілі ў пачатку новага навучальнага года.
“Не ўсе яшчэ прывыклі, але гэта пытанне часу. Калі шчыра, то мы ўсе рады, што сталі першай школай ў горадзе, дзе працуе прапускная сістэма, асабліва рады дзеці. Бацькі ж паставіліся з разуменнем. Зараз, каб ім трапіць у школу, трэба будзе тэлефанаваць па спецыяльным званку. А так усё добра, выпадковыя людзі не змогуць патрапіць. Гэта тое, чаго мы і дамагаліся. Сістэма сябе апраўдвае і ніякіх чэргаў не стварае, – распавяла дырэктар школы Наталля Астапчэня.
Усяго ў школе выдалі 802 карткі дзецям і 156 супрацоўнікам.
У будучыні тут плануюць дапоўніць сістэму модулем кафэ, з дапамогай якога дзеці змогуць прапускнымі карткамі аплачваць харчаванне.
Таксама плануецца, што ў будучыні ў школе ўвядуць сістэму смс-паведамлення. Такім чынам бацькам вучняў будуць прыходзіць паведамленні, калі і ў колькі іх дзіця прыйшло або пакінула школу.
Для тых, у каго няма карткі, існуе спецыяльны званок, па якім выходзіць вахцёр.
Алена, мама першакласніка Аляксея, ацаніла новую сістэму і сказала, што цяпер будзе ведаць – яе дзіця ў поўнай бяспецы.
“Мяне ўсё задавальняе, сістэма надзейная. Вось толькі з пропускам бацькоў пакуль цяжкавата. Асабіста я не ведала, што ёсць спецыяльны званок. Мне здаецца, такая сістэма патрэбна. Бацькам спакайней, калі мы ведаем, што дзіця ў бяспецы. Тым больш, смс будуць прыходзіць”.