Каляда грукае ў дзверы
– Сцэнар, з якім пойдзем калядаваць, адпавядае аўтэнтычным беларускім традыцыям. Галоўная дзеючая асоба – каза. Падчас калядавання спяваем традыцйныя хрысціянскія і аўтарскія песні. Адрэстаўраваная калядная зорка зазіхаціць ярчэй. Для большай цікавасці ў праграме з’явяцца новыя персанажы. Напрыклад, будзе вучоны мішка, цыганкі паварожаць гаспадарам на тое, што чакае, – распавёў ініцыятар сёлетных калядаванняў Юры Седзянеўскі.
На першых рэпетыцыях калядоўшчыкі сустрэліся і ўзгадалі гродзенскія традыцыі калядавання, а таксама народныя звычаі і традыцыі на Каляды, напрыклад, стравы на Куццю.
Таксама калядоўшчыкі зрабілі сваімі рукамі калядных анёлаў. Тканевыя лялькі моладзь падорыць кожнай сям’і, да якой завітае з Калядой. Майстар-клас па вырабе анёлкаў паказала майстрыха Альгуня Камягіна:
– Гэты калядны анёлак – лялька, якую рабілі беларусы з маленькімі дзеткамі, бо яна была самай простай у выкананні, але выглядала вельмі мілай і добрай. Гэтыя лялькі вынікаюць з паганскай традыцыі, але пазней запазычыліся хрысціянствам і ва ўяўленні нашых продкаў пачалі несці святло Раства.
Напярэдадні Калядаў 25 снежня калядоўшчыкі збіраюцца на калядную вечарыну да слухачоў Універсітэта Залатога Веку.
Традыцыю гэтак званага “гарадскога” калядавання ў Гродне распачалі сябры легендарнага клубу “Паходня” і ўдзельнікі маладога калектыву хору “Бацькаўшчына” на пачатку 90-х гадоў. Пасля ініцыятыву калядавання пераймалі розныя ініцыятыўныя групы. Фотарэпартаж з мінулагодніх калядаванняў глядзіце на “Тваім Стылі” тут.
alt=”Image 18378″ >
Здымкі Асі Тарноўскай і Юры Седзянеўскага