Вандроўка па старым Гродне. Частка ХІІ. Каталіцкая Катэдра

|

Хаця яшчэ ў 1860-х гг. па Гродне распаўсюджваўся патрыятычны здымак фатографа Штумана акурат з выявай Фарнага касцёла.

 

Гэта здымак пачатку ХХ ст. Сам касцёл мяняўся мала, але вакол яго ўвесь час адбываліся перамены. Па-першае, драўляная брама злева ад храма – цяпер яна металічная.

 

Аптэка мае сучасны выгляд, нават літары стылізаваны акурат пад літары з гэтага здымку. Толькі заўважце імя ўласніка Э.Стэмпнеўскага па-польску і па-руску над уваходам.

 

Памяняўся і гадзіннікавы цыферблат на вежы. Гэты са старой паштоўкі захоўваецца цяпер у музеі гісторыі рэлігіі ў Гродне. Але самае цікавае – Ісус Хрыстос, які нясе свой крыж зусім не ў той бок, што сёння. Паведле легенды, крыж быў павернуты ў міжваенны час, каб Ісус не паказваў на турму. Хаця, наагул, было вельмі сімвалічна.

 

Найстарэйшая паштоўка гэтай серыі. Звярніце ўвагу на арыгінальны выгляд гарадзенскай фарнай аптэкі. Пад высокім барочным дахам з паверхамі на мансардзе – гэтая аптэка бачыла яшчэ атрады шведаў караля Карла ХІІ. Аптэку перабудавалі па замове гарадзенскага каталіцкага дэкана Элерта ў пачатку ХХ ст. (другім паверхам заўсёды валодаў касцёл). Здаецца, вярнуць першапачатковы выгляд аптэцы было б варта.

 

Цікава выглядаюць не толькі аптэка, але і брама Фарнага касцёла, якая выглядала так, падобна, з XVIII стагоддзя. Мур акружаў касцёл і з боку сучаснай вуліцы Карла Маркса, ствараючы невялікі дворык з дрэвамі.

 

Выявы храма і плошчы самага пачатку мінулага стагоддзя. Заўважце справа ад касцёла будынак з вітрынай і ўваходам. Гэта была кніжная крама Левандовіча, доўгі без вокнаў будынак, дзе ўвесь час гарэлі газавыя лампы. Тут любіла набываць паперу, чарнілы і алоўкі Людвіка Сівіцкая – будучая вядомая беларуская пісьменніца і паэтка, якая і жыла і вучылася непадалёку.

 

Цяпер вернемся на некалькі гадоў назад. На плошчы так званыя страганы або яткі – драўляныя крамкі з харчовымі і рамеснымі таварамі. Іх прыбралі ўжо пасля Першай сусветнай вайны, а тады насупраць іх вельмі любілі фатаграфавацца нямецкія афіцэры.

 

Справа перабудаваны ў канцы ХІХ ст. былы палац Сапегаў, вядомы людзям як “баторыеўка”. Тут тры разы праходзілі сеймы Рэчы Паспалітай, а ў пачатку XX ст. тут знаходзіўся гатэль і крамы.

 

Яшчэ адзін цікавы сюжэт – купал праваслаўнай царквы, які бачны з-за сцяны турмы. Турэмную царкву разабралі пасля Другой сусветнай вайны.

 

Інтэр’ер Фарнага касцёла выглядае амаль таксама, як і сто гадоў таму. Толькі змяніўся колер галоўнага алтара пасля памятнага пажару 2006 года. Дарэчы, алтар аднаўлялі “па першапачатковым праекце” ў такіх колерах, якіх ён, фактычна, ніколі не меў. Цікава таксама, ці засталіся ў касцёле ўсе гэтыя харугвы, якія сёння ўжо сталі рэліквіямі.

 

Памятаем таксама, што тады, да другога Ватыканскага сабора, адрознівалася абраднасць. Напрыклад, казанні ксёндз гаварыў з амбона, а маліўся па-лацінску і спіною да людзей і тварам да алтара.

 

Абраз Маці Божай Студэнцкай. Гэта не самая першая яе выява, але і тут мы бачым, што алтар за апошнія дзесяцігоддзі змяніўся, стаў болей шыкоўным. Ды і статус Іконы значна павысіўся. Цяпер гэта Ікона каранаваная Папам Рымскім.

 

     
 

Папярэднія выпускі “Вандроўкі па старым Гродне”

 

Частка І: чыгуначны вакзал

Частка ІІ. Станіславова, Алея Кахання, Сабачая горка

Частка ІІІ. Кірха, Аляксееўскае вучылішча, Вайсковы сабор

Частка ІV. Домік Элізы Ажэшкі і Марыінская гімназія

Частка V. Гарадская пошта

Частка VI. Швейцарская даліна

Частка VII. Плошча Тызенгаўза

Частка VIII. Ад Губернатарскай плошчы да вуліцы Ажэшкі

Частка ІХ. У пачатку вуліцы Савецкай

Частка Х. Ад гімназіі да Саборнай плошчы

Частка ХІ. На старым Рынку

 
     

 

Здымкі Яна Лялевіча