ТОП-5 гарадзенскіх Пагоняў. Дзе знайсці нацыянальны сімвал у нашым горадзе?
1. “Пагоня на Грунвальд”. Адзіным помнікам з выявай сімвала ў горадзе з’яўляецца стэла “Грунвальд-1410” каля Каложскай царквы. Паводле гарадской легенды менавіта адсюль пасля ўрачыстай службы ў храме гарадзенская харугва 500 год таму вырушыла на поле пад Грунвальдам. Сама ж стэла – камень з металічнай шыльдачкай – з’явілася ў 1990-м годзе.
2. Драўляная Пагоня Касцюшкі. Леваруч ад цэнтральнага ўваходу ў Новы замак можна ўбачыць драўляную шыльду, прысвечаную падзеям Паўстання 1794 года. Тады ў замку працавала Паўстанцкая парадкавая камісія, бываў тут і кіраўнік інсургентаў – Тадэвуш Касцюшка. Шыльда ўсталяваная ў 1994 годзе, за год да знакавага рэферэндуму, які пазбавіў Пагоню статуса дзяржаўнага сімвалу.
3. Пагоня на картушы Аўгуста ІІІ. Літаральна за пару метраў ад “паўстанцкай пагоні” можна ўбачыць вялікі картуш з гербам Рэчы Паспалітай, на якім выяўленыя адразу дзве Пагоні. Як мяркуюць гісторыкі, картуш у часы караля Аўгуста ІІІ ўпрыгожваў Новы замак. Пасля разбурэнняў і перабудоваў замку, герб, зроблены з пясчанніка, доўгі час валяўся на задворках. Некалькі год таму, дзякуючы падтрымцы Польшчы, рэліквія была адноўленая і ўсталяваная на пастамент на ўваходзе ў замак.
4. Пагоня святога Андрэя Баболі. Гарадзенскія касцёлы заўсёды былі своеасаблівымі “каўчэгамі”, дзе час спыняўся, а гістарычныя каштоўнасці маглі ператрываць любыя войны і нягоды. Так сталася і з Пагоняй на алтары св. Андрэя Баболі ў Фарным касцёле. Алтар, зроблены яшчэ за часамі Рэчы Паспалітай, быў аздоблены сцэнай бітвы пад Венай, дзе войска Яна Сабескага разбіла мусульманаў ды ўратавала Еўропу. Над батальным барэльефам былі змешчаныя дзяржаўныя сімвалы – Арол і Пагоня. І хоць дзяржавы, якая насіла гэтыя сімвалы няма больш як 200 год, на алтары дагэтуль можна разгледзець вершніка з мячом са слядамі даўнішняй пазалоты.
5. Польская Пагоня. Герб прыкладу 1991-95 гадоў у гарадской прасторы захавалі палякі. Звярніце ўвагу на будынак Саюза палякаў на Дзяржынскага і ўбачыце шчыт, падзелены на чатыры часткі. У адной з іх, у суседстве з Арлом і аленем святога Губерта, будзе Пагоня аўтарства Яўгена Куліка.
Для міні-экскурсіі мы выбіралі толькі статычныя агульна-даступныя аб’екты, не беручы пад увагу, напрыклад, сувенірных крамаў з магнітамі ды іншымі памяткамі з нацыянальнай сімволікай. Зрэшты, чагосці мы маглі і не ўбачыць… калі так – пішыце ў каментах!
Апошнім часам, у святле затрымання фанатаў з шалікамі з выявай Пагоні, а таксама рэзананснага фота берасцейскіх кадэтаў, нацыянальны сімвал нібы набыў “другое дыханне”. Сотні беларусаў выклалі ў сацыяльныя сеткі свае фота з Пагонямі, упрыгожылі “вершнікам” машыны ды кватэры.
Чытайце таксама:
Пераслед за Пагоню – інерцыя 90-х. Аляксей Ластоўскі пра канфлікт сімвалаў
Фота Вольгі Мілавай