Падрыхтоўка да свята – вялікая праца. Адной з яе частак былі сустрэчы з дзецьмі, на якіх рабілі цацкі і сувеніры. Вынікі творчасці паказалі перад спектаклем – зладзілі дабрачынны кірмаш. Кожны ахвотны мог набыць сабе калядны падарунак і такім чынам падтрымаць маленькіх майстроў.
Пад час восеньскіх сустрэч дзеці з інваліднасцю разам з бацькамі і валанцёрамі з Універсітэта імя Янкі Купалы і Універсітэта Залатога Веку рабілі цацкі і сувеніры, каторыя можна было набыць у час дабрачыннага кірмаша перад спектаклем
Вольга Шульга, кіраўнічка хоспіса, распавяла перад спектаклем пра дзейнасць хоспіса і тых, хто яму дапамагае. Ужо ад лета хоспіс праводзіць акцыю “Адзінка, што ратуе жыццё”, у межах каторай гарадзенскі бізнес пералічвае 1% прыбытку на карысць хоспіса. Увосень да акцыі далучыліся прадпрыемства “СофтСервіс” і сетка крамаў Linx, іх кіраўнікі атрымалі ў час імпрэзы лісты падзякі. Фірмы і надалей будуць супрацоўнічаць з хоспісам, а кіраўніцтва Linx гатовае пералічыць на дабрачыннасць частку каляднага прыбытку.
Вольга Шульга (злева) і галоўны ўрач дзіцячай паліклінікі №2, пры якой працуе дзіцячы хоспіс, Жана Цюлькіна вітаюць гасцей, што прышлі на прэм’еру мюзікла
Уладзімір Татарнікаў, пастар лютэранскай кірхі, адзначыў, што храм ужо другі раз прымае спектаклі хоспіса, і будзе падтрымліваць такія ініцыятывы надалей: “Мы радыя аб’яднаць людзей розных нацыянальнасцей і культур, і даць магчымасць выступіць тым, для каго не ўсе канцэртныя пляцоўкі адкрыты. Кожны з нас мае талент, і мы павінны яго развіваць”.
Уладзімір Татарнікаў, пастар лютэранскай кірхі, зазначае, што тут заўсёды рады вітаць творчых людзей і ставіцца да ўсіх як роўныя да роўных
Менавіта тэму раскрыцця таленту ўзялі ў аснову спектакля. Яго галоўная гераіня, ролю каторай выконвае 16-гадовая Сабіна Зульфугарава, марыць патрапіць на сцэну, але баіцца, што з-за інваліднасці ніколі не зможа здзейсніць сваё жаданне.
Сабіна распавяла, што танцуе з чатырох гадоў і зараз ужо мае тытулы чэмпіёнкі краіны і свету па ўсходніх танцах. Кажа, што зараз не ўяуляе свайго жыцця без сцэны і канцэртаў, таму хоча паказаць іншым дзеці з інваліднасцю, што і яны могуць выступаць. “Можа зараз яны баяцца, адчуваюць сябе заціснута, але выйсці на сцэну – крута, я хачу каб яны гэта зрабілі і людзі іх пабачылі”.
4 align=”” width=”725″ height=”484″ >
Сабіна стала чэмпіёнкай краіны і свету па ўсходніх танцах, і прадстаўнікі журы міжнародных спаборніцтваў часта дзівіліся, калі даведваліся, што яна мае пэўныя фізічныя абмежаванні.
Валанцёры расказваюць, што пад час мазгавога штурма, у каторым нараджалася ідэя спектакля, у пастаноўцы вырашылі адлюстраваць пасыл, што мары збываюцца. “На пачатку гераіні толькі сніцца, што яна на сцэне, – расказвае Каця Ківель, адна з тых, хто працаваў над спектаклем. – Яна можа даверыць свае мары толькі дзённіку, баіцца, што праз інваліднасць грамадства не захоча заўважыць яе талент”. Але добрыя феі, што прыносяць дзяўчынцы мары-сны, урэшце дапамагаюць ёй пераадолець страх і прыйсці на касцінг, дзе, як высвятляецца, усе дзеці аказваюцца прынятымі і атрымліваюць магчымасць выступаць на сцэне разам.
9 align=”” width=”725″ height=”484″ >
Кацярына Ківель і Дарота Цітова адны з тых, хто працаваў над стварэннем сцэнара і дэкарацый спектакля. Ад пачатку навучання ва ўніверсітэце яны працуюць валанцёрамі дзіцячага хоспіса
Напачатку мюзікла гераіня (Сабіна Зульфугарава) можа даверыць свае мары толькі дзённіку. Дэкарацыі спектакля створаны студэнтамі-валанцёрамі
У ролі феяў, што прыносяць дзяўчынцы сны пра спраўджаныя мары, валанцёры хоспіса. Яны і ў жыцці дапамагаюць дзецям зрабіць іх мары рэальнымі
Алег Бычэк і Артур Пархоменка – удзельнікі танцавальных нумараў у спектаклі. Для Алега валанцёрства – гэта магчымасць дапамагчы не толькі дзецям, але і сабе “паставіць плюс”, справіцца з праблемамі ўласнага ўспрыняцця жыццёвых цяжкасцей і перашкод. І хаця падрыхтоўка да выступлення патрабуе шмат часу, ён ужо другі год удзельнічае ў пастаноўках хоспіса.
Артур расказвае, што патрапіў у групу па запрашэнню сяброў, а зараз валанцёрства стала для яго нормай жыцця. “Ад першага дня з усімі дзецьмі перазнаёміўся, і зараз падтрымліваем стасункі не толькі ў час сустрэч, арганізаваных хоспісам. У горадзе сустракаемся, у сацыяльных сетках трымае кантакт”.
8 align=”” width=”725″ height=”484″ >
Алег Бычэк і Артур Пархоменка танцуюць не толькі для ўласнага задавальнення. Для іх гэта яшчэ і магчымасць дапамагчы дзецям з хоспіса выйсці на сцэну, даць станоўчы прыклад і аказаць ім падтрымку
Хаця падрыхтоўка да спектакля патрабавала шмат часу, студэнты-валанцёры змаглі арганізаваць працу так, каб гэта не шкодзіла навучанню. Дарота Цітова, студэнтка-псіхолаг, расказала, што праца ішла амаль цэлымі днямі – тыя, што вучацца ў першую змену змянялі іншых, каму час ісці на заняткі ў другую.
Дарота кажа, што яе ўласная роля ў спектаклі маленькая, яна грае прадстаўнічку журы. Але гэтая роля вельмі прыемная – журы ў спектаклі прымае ўсіх дзетак, што прыйшлі на касцінг.
Дарота падкрэсльвае, што праца з дзецьмі з інваліднасцю дапамагае ёй у прафесійным росце: “Яны вельмі шчырыя і дабразычлівыя. Побач з імі адразу адчуваеш, якімі дробнымі праблемамі пераймаюцца часам людзі. Тое, што нестае грошай на моднае адзенне, нехта тоўсты ці худы, і іншыя падобныя дробязі адыходзяць на другі план. Разумееш, што ёсць больш высокія рэчы – дабрыня і міласэрнасць. Менавіта яны найбольш запатрабаваны зараз у грамадстве”.
6 align=”” width=”725″ height=”484″ >
Наста Антановіч спявае і прыходзіць на сустрэчы арганізаваныя хоспісам разам братам. Кажа, што заўсёды яму дапамагае – і дома, і пад час вырабу сувеніраў, і на сцэне.
7 align=”” width=”725″ height=”484″ >
Акрабатычны нумар Олі Іванішынай пастаўлены яе мамай, Святланай: “Хачу, каб усе бачылі, што дзеці з абмежаванымі магчымасцямі насамрэч маюць магчымасці проста неабмежаваныя! Іх проста трэба заўважаць і развіваць”.
Марыя Бразінская, псіхолаг дзіцячага хоспіса, распавяла, што і пасля прэм’еры мюзікла актывісты і дзеці будуць працягваць сумесную працу: “Плануем паказваць гэту пастаноўку ў форме форум-тэатра”. Гэта значыць, што ў час паказу кожны ахвотны з гледачоў у любы момант зможа далучыцца да спектакля, выйсці на сцэну і “пераіграць” нейкі момант, прапанаваць свой варыянт вырашэння праблемы, паказаць новы шлях выхаду з цяжкай сітуацыі. Марыя лічыць, што форум-тэатр можа стаць паспяховым інструментам працы з грамадствам, каб людзі насамрэч пабачылі тыя “ямы”, правалы ва ўласнай свядомасці, што не дазваляюць прыняць людзей з інваліднасцю як роўных, дапамагчы ім стаць часткаю агульнага творчага “мы”.
0 align=”” width=”725″ height=”484″ >
У гарадской прасторы ўжо ёсць месцы для непаўнаспраўных. Дзякуючы сумесным намаганням пашыраецца і іх прысутнасць ў грамадскім і культурным жыцці горада