Вучымся гатаваць калядны глінтвейн з пастарам Уладзімірам Татарнікавым

Католікі, пратэстанты ды і значная частка праваслаўных святкуе Раство 25 снежня. У лютэран, згодна са старой традыцыяй, у зімовыя святы прынята піць саграваючы глінтвейн. Пастар лютэранскай кірхі ў Гродне Уладзімір Татарнікаў спецыяльна для “Твайго стылю” прыгатаваў гэты напой і распавёў пра яго сакрэты.


Глінтвейн мае даўнюю традыцыю. Найбольш ён распаўсюджаны ў Германіі, Галандыі, Англіі, а таксама ў Скандынаўскіх краінах, якія адрозніваюцца халодным кліматам. Гэта цалкам зразумела – напой мае выдатныя танізавальныя ўласцівасці, а таксама з’яўляецца добрым сродкам пры пераахаладжэнні і лепшым лекам ад прастуды. Глінтвейн таксама карысны ў перыяд аднаўлення пасля інфекцыйных захворванняў, пры фізічным і псіхічным знясіленні.


– Я чуў, што першыя рэцэпты блізкага да глінтвейну напою былі вядомыя яшчэ ў Старажытным Рыме. А наогул, назва “глінтвейн” паходзіць ад нямецкіх словаў “Gluh wein” – палаючае віно. У Нямеччыне гэта вельмі папулярны напой, асабліва ў халодныя дні. Ужываюць яго на Калядных кірмашах. Сёння існуе і безалкагольны глінтвейн. Ён робіцца на аснове вінаграднага соку, – распавядае пастар.

 

У гасцях ва Уладзіміра мы робім самы сапраўдны глінтвейн. Вядома, ён будзе адрознівацца ад таго, што гатуюць ў кавярнях горада.

 

“Яна будзе лячыць целы, а я душы”. У Гродне ўпершыню жэніцца лютэранскі пастар

 

Што трэба?

 

Яблык, лімон, апельсін, дзве палачкі карыцы (прадаецца толькі ў арабаў на Скідзельскім рынку), гваздзіка, карыандр, а таксама віно і вада.

 


Як рабіць?


– Самы просты спосаб – купіць гатовыя сумесі ці ўжо гатовы глінтвейн і проста яго разагрэць. Але мы паспрабуем зрабіць з нуля.
Для пачатку, парэжам садавіну: апельсін, лімон, яблык.

Пасля таго, як мы ўсе парэзалі, заліваем вадой і даводзім да кіпення. Наогул, ад сваіх калег я чуў, а таксама чытаў, аб вельмі многіх і розных рэцэптах гэтага гарачага напою.

На пытанне “Ці кожны пастар павінен умець гатаваць глінтвейн?” Уладзімір з усмешкай адказвае, што гэта раўнасільна пытацца пра тое, цi кожны лютэранскі пастар павінен разбірацца ў сартах піва.


– Канечне не. У кожнага ёсць свае перавагі ў ежы або ў напоях. Я і сам не так даўно навучыўся гатаваць глінтвейн.

 

Пасля таго, як усё закіпіць, мы кідаем спецыі: карыцу, карыандр і гваздзіку, пры гэтым памяншаем агонь.

Пасля гэтага 15 хвілін чакаем, пакуль палачкі карыцы не разгарнуцца і не аддадуць свой водар. Тады дадаем цукру і акуратна дадаем віна ці вінаграднага соку. Пасля ўсё павінна на маленькім агні настаяцца, але нельга ні ў якім разе даводзіць да кіпення, інакш віно страціць свой смак.

 

Напой гатовы! Можна заліваць яго ў шклянкі ці кубкі і дадаваць карыцу.

– У глінтвейна адзін з самых важных момантаў – дадаванне садавіны, а таксама карыцы i гваздзікі. Іх уласцівасці я б назваў лячэбнымі.

 

У гарадзенскай лютэранскай абшчыне ёсць традыцыя на кожнае Раство пасля службы піць глінтвейн. У гэтым годзе традыцыя працягнецца. Таксама Уладзімір Татарнікаў запрашае і іншых гараджан на Каляды да сябе ў царкву.

 

Гарадзенскія лютэране збіраюць экспанаты для ўласнага музея

 

– У гэтыя перадсвяточныя дні я хацеў бы павіншаваць усіх чытачоў “Твайго стылю” з Калядамі і надыходзячым Новым 2016 годам. Пажадаць усім Божай дапамогі, Божай абароны. Каб святло Каляд асвятляла шлях і нашы хаты. А самому выданню творчых поспехаў, заўсёды пазітыўных навін і быць заўсёды першымі.