Гурт Vuraj прывёз у Гродна сапраўдную калядную казку (ВІДЭА)
Этна-гурт Vuraj на сцэне рэстарана “Тапаз”: Сяргей Доўгушаў – саліст і кіраўнік гурта, Андрэй Еўдакімаў (гітара, гармонік), Анастасія Патапава (скрыпка), Данііл Залесскі (ударныя)
Арганізатар канцэрту, гаспадар этна-крамы “Цудоўня” Нортан, лічыць Vuraj ці не найлепшым этна-гуртом краіны. Музыкі эксперыментуюць з беларускім фальклорам, злучаючы яго з элементамі розных стыляў сучаснай музыкі. У выніку атрымліваецца інструментальны тэатр, казачны фолк, фолк-рок ці этна-дыска. “Шкада, што да гэтай пары гарадзенцы мала ведалі пра гэты гурт. Спадзяюся, што калядны выступ пашырыць іх цікаўнасць і да народнай музыкі, і да творчасці Vuraj”, – кажа Нортан.
Сяргей Доўгушаў іграе на керамічнай флейце – акарыне
Свае песні музыкі прывозяць з экспедыцыі па краіне. Так, крыніцай натхнення для новага альбома “Шэсць загадок” сталі песні бабуль з Заходняга Палесся. У альбом увайшлі тры аўтарскія апрацоўкі народных спеваў і тры іх аўтэнтычныя версіі.
Канцэрт атрымаўся сапраўды калядным – па-хатняму цёплым, кранальным і загадкавым адначасова. Пад такую музыку сапраўды можна паверыць у казку і цуд на Каляды.
Фота і відэа аўтаркі
Чытай больш: