Тым часам у Гродне: 24 студзеня ў гісторыі горада, рэгіёну і свету
У асяродку гісторыкаў і нумізматаў XIX—XX ст. існавала меркаванне, што ў 1706-1708 гадах Гродзенскі манетны двор выпускаў траякі і шастакі з выявай на аверсе манеты караля Рэчы Паспалітай Аўгуста II (1697—1706, 1709—33) і радавога герба “Вагі” падскарбія літоўскага Людвіка Пацэя на рэверсе. У канцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя беларускія нумізматы-даследчыкі выказалі думку пра немагчымасць яго існавання.
Насамрэч, рашэнне аб выпуску гэтых манет было прынята ў канцы 1705 года ў Гродне на саміце манаршых асобаў – Пятра І і Аўгуста ІІ. Меркавалася іх чэканка на Кёнінгсбергскім тайным манетным двары, дзе і была выпушчана першая партыя манет 1706-га года. Пазней, паводле архіўных дадзеных, станок выкарыстоўваўся ў Маскве, на Кадашаўскім манетным двары.
Шэсць літоўскіх грошаў (шастак) 1706—1707 гг. (вага 2,6 г, дыяметр 25,5—26 мм)
Меркаваннем сучасных даследчыкаў манетнага двара ў Гродне ў 1706—1707 гг. не існавала і не магло існаваць з нагоды падкантрольнасці, а фактычна акупаці горада ў той час шведскімі войскамі Карла XII.
24 студзеня 1932 года ў Гродне адбыўся першы афіцыйны хакейны матч. На лядовай пляцоўцы сустракаліся чэмпіёны Вільні каманда АЗС і гродзенскі спартыўны клуб “Крэсовія”. За віленскую каманду ў той час гулялі члены зборнай Польшчы па хакею, а гарадзенскую дружыну прадстаўлялі маладыя гульцы на чале з дасведчаным брамнікам Мулярчыкам. Вынікі гульні, што можа лічыцца пачаткам адліку гісторыі гарадзенскага хакея, сёння, на жаль, застаюцца невядомымі.
Здымак з сустрэчы гарадзенскай “Крэсовіі” і каманды “КПВ Вільня” 1935 года
У сусветнай гісторыі 24 студзеня адзначыўся пачаткам першых зімовых Алімпійскіх гульняў у 1924 годзе, продажам першай партыі піва ў бляшаных банках, што адбыўся ў амерыканскім Рычмандзе і выпускам у 1984 годзе першага персанальнага камп’ютара Apple Macintosh.
Чытай больш:
Тым часам у Гродне: 22 студзеня ў гісторыі горада, рэгіёну і свету
Тым часам у Гродне: 20 студзеня ў гісторыі горада, рэгіёну і свету
Тым часам у Гродне: 19 студзеня ў гісторыі горада, рэгіёну і свету
Тым часам у Гродне: 15 студзеня ў гісторыі горада, рэгіёну і свету
Тым часам у Гродне: 8 студзеня ў гісторыі горада, рэгіёну і свету
Тым часам у Гродне: 4 студзеня ў гісторыі горада, рэгіёну і свету
Паводле Беларускага настольнага перакіднога краязнаўчага календара Аляксея Пяткевіча, гістарычнага календара Віктара Саяпіна і wikipedia.org