Корпус реактора первого энергоблока БелАЭС начнут монтировать в конце мая

Корпус ужо даставілі ў зону мантажу, ён знаходзіцца побач з будынкам першага энергаблока. Па словах начальніка рэактарнага цэха БелАЭС Аляксандра Канюкі, працэс ўстаноўкі зойме два тыдні:

 

– Корпус рэактара – гэта асноўны элемент рэактарнай устаноўкі, таму ад таго, наколькі дакладна мы яго ўсталюем у адпаведнасці з рабочай канструктарскай дакументацыяй, будзе залежаць далейшы мантаж і ўстаноўка усяго астатняга абсталявання.

 

 

У траўні спецыялісты таксама плануюць пачаць мантаж турбіны першага энергаблока. Як распавёў галоўны інжынер БелАЭС Анатоль Бондар, у гэтым годзе будуць устаноўлены парагенератары і ўзведзены “дах” першага энергаблока.

 

Нагадаем, корпус рэактара, які ўсталёўваюць на беларускай АЭС, – першы, выраблены расейскім “Атоммашем” пасля амаль 30-гадовага перапынку. У постсавецкі перыяд завод перажываў цяжкія часы і ледзь не зачыніўся.

 

На пытанне пра бяспеку беларускай АЭС гендырэктар Міхаіл Філімонаў адказвае:

 

– Бяспека – гэта ўвесь праект беларускай АЭС. Гэта і падвойная ахоўная абалонка, і рознага роду сістэмы пасіўнай абароны.

 

 

Вылучыць, колькі грошай сыдзе менавіта на бяспеку, на беларускай АЭС не могуць: “Колькі будзе каштаваць увесь праект, столькі і сама бяспека”.

 

Нядаўна пра бяспеку беларускага праекту зноў загаварылі ў суседняй Літве. Краіна, нагадаем, заклікала суседнія дзяржавы не купляць электраэнергію ў Беларусі , бо не можа атрымаць адказы на свае пытанні.

 

– Нас вельмі хвалюе, што гэтая станцыя будуецца блізка да Вільні, 50 кіламетраў ад нашай сталіцы. Вада для астуджэння рэактараў будзе брацца з ракі Нерыс (у Беларусі – Вілія, – TUT.BY), якая цячэ праз Вільню і ўпадае ў раку Неманас (Нёман). А басейн Неманаса – гэта 70% літоўскай тэрыторыі. Калі здарыцца нейкая аварыя і будзе сліў ядзерных рэчываў, яны патрапяць у Літву, і нашы рэкі будуць забруджаныя, – агучыў асцярогі ў інтэрв’ю TUT.BY міністр энергетыкі Літвы Рокас Масюліс.

 

 

На БелАЭС тым часам сцвярджаюць, што вырашаюць пытанні з літоўцамі “ў рабочым парадку”. Нядаўна беларускі бок падрыхтаваў чарговы афіцыйны адказ для суседзяў.

 

Мікалай Груша, кіраўнік групы БелАЭС, лічыць, што пра сур’ёзныя экалагічныя наступствы казаць не прыходзіцца. Напрыклад, тэхналагічны працэс будзе наладжаны так, што выкарыстанне і скід вады ў Вілію будзе нязначным.

 

Пры гэтым спецыялісты пакуль не ўпэўнены, што Беларусь наогул будзе прадаваць электраэнергію за мяжу.

 

– Я не магу сказаць, што электрычнасць, вырабленае БелАЭС, пойдзе на экспарт. Калі мы пачыналі будаўніцтва, асноўны задумкай было пусціць электраэнергію на ўнутранае спажыванне. Нам сёння жыццёва неабходна электраэнергія па зніжанай цане, – кажа Міхаіл Філімонаў.

 

Дарэчы, пасля запуску БелАЭС зможа забяспечыць толькі 30% патрэбы Беларусі ў энэргіі.

 

 

У 2016 г.па кантрактах з расейскім бокам па будаўніцтву БелАЭС плануецца асвоіць каля 445 мільёнаў даляраў у эквіваленце.

 

Фота: Дзмітрый Брушко, TUT.BY