Сёння мы накіруемся на паўночнае ўзбярэжжа Тэнэрыфэ і наведаем некалькі маленькіх мястэчак, кожнае з якіх мае чым заманіць турыстаў, стомленых ад адпачынку на пляжы. Наша кампанія накіравалася ў гэтае падарожжа ўжо пад вечар, калі спякота спала, а сонца ўжо свеціць нізка і з-за гор на паўночнае ўзбярэжжа амаль не трапляе.
Першы наш прыпынак – Аратава. Мястэчка размешчана на крутым схіле, удалечыні ад акіяну. Мы паставілі машыну і накіраваліся па вузкіх старых вулічках, заходзілі ў крамы з сувенірамі, проста сядзелі на лавачцы ля царквы і слухалі размовы такіх жа турыстаў, як мы самі.
Вулачкі Аратавы
Царква 1590 года
Горад не падобны на музей, ён жывы. Вось у царкве 1590 года пабудовы скончылася служба і прыхаджане ідуць да сваіх прыпаркаваных машын. А вось мініяцюрны батанічны сад, шчыльна-шчыльна запоўнены раслінамі. Мы заўважылі банан з кветкай і пладамі, а пад ім утульную лавачку і вырашылі абавязкова адпачыць на ёй. Але, на вялікі жаль, батанічны сад аказаўся зачынены на ноч.
Батанічны сад
Далей накіроўваемся ў Ікод дэ лос Вінос, па-суседству. Гэта надзвычай вертыкальна размешчанае мястэчка, яго вуліцы настолькі крутыя, што па ім страшна спускацца нават у плоскіх сандалях. Думаю, дзяўчат на высокіх абцасах тут ніколі не ўбачыць. Альбо яны ставяцца да перамяшчэння па горадзе як да мясцовага віду спорту.
Але прыехалі мы сюды яшчэ і затым, каб пабачыць мясцовую знакамітасць – тысячагадовую юку, “Драконавае дрэва”, як яе называюць мясцовыя. Вы нічога не згубіце, калі наведае яе і праз дзясятак год – яна ўсё-роўна будзе святкаваць свой круглы юбілей, такі ўжо закон турызму.
1000-гадовая юка
Каля дрэва ў сувенірнай краме ў вялікай клетцы жыве сціплы папугай. Я прасіла яго папазіраваць, але ён у адказ нешта казаў мне кароткай фразай і адварочваўся ў розныя бакі, і так разоў 20.
…
Апошні наш прыпынак за вечар – Гарачыко – мястэчка ля самога акіяну. Турыстычнай гэтая мясціна стала з-за таго, што 109 год назад пры апошнім вывяржэнні вулкану Тэйдэ лава сыходзіла на паўночна-заходні схіл Тэнэрыфэ ля Гарачыко, чым павялічыла яго плошчу. Чорная дарожка на схіле гор – гэта попел. Унізе, дзе лава сыходзіла ў акіян, канарцы зрабілі парк – Калетон (на першым фота).
Гэта проста найвыдатнейшае месца для рэлаксацыі! Шматлікія зручныя сцяжынкі з бардзюрамі і прыступкамі, пагоркі для лазання, басейны – усё з вулканічнай лавы. Добра арганізаваны басейн са спускам – акіянічная хваля ўрываецца на вялікай хуткасці, але ж тут больш небяспечна, чым у адкрытым акіяне. Маецца і дзіцячы басейнчык, спакойны і мелкі. Чорная лава мае цвёрдую і вострую паверхню, таму хадзіць па ёй босымі ці падаць вельмі не рэкамендуецца. Чорныя берагі пакрыты маляўнічым спалучэннем ярка-салатавага мху і залацістага малюску. Сонца сядае недзе за гарамі, таму заход падаецца нам цёпла-залацістым, а да чорных контураў рэльефу вока ўжо даўно прызвычаілася.