Малако за 86 капеек, шампанскае за 4 рублі. Гарадзенскія крамы пачынаюць выстаўляць новыя цэннікі
У асноўным падвойныя цэны з’яўляюцца на свежых таварах, якія толькі-толькі прывезлі ў краму. Людзі ж пакуль новыя рублі і капейкі ўсур’ёз не ўспрымаюць.
“Прыходзяць, прыглядаюцца і ўсміхаюцца. А хтосьцi наогул кажа, што вяртаемся ў часы Савецкага саюза. Некаторыя фатаграфуюць новыя цэны“, – распавяла прадаўшчыца крамы. З яе словаў, выстаўляць старыя і новыя цэны абавязкова трэба, бо “да дэнамінацыі застаецца менш за тры месяцы і такі крок дапаможа прадаўцам і пакупнікам паступова прывыкнуць да новых грошай”.
У канцы сакавіка Міністэрства гандлю Беларусі рэкамендавала крамам з 1 красавіка ўжываць цэннікі з двума варыянтамі цаны. Такі падыход прапануецца не толькі ў дачыненні да цэн на тавары, але і ў дачыненні да тарыфаў на бытавыя паслугі.
Нагадаем, дэнамінацыя пройдзе 1 ліпеня 2016 года. Новы беларускі рубель будзе роўны ранейшым 10 тысячам. Абмен грашовых знакаў будзе ажыццяўляцца без абмежаванняў і без спагнання ўзнагароджання з 2017 па 2019 год.