У Гродне прайшла першая сустрэча піўных калекцыянераў

Першы збор калекцыянераў піўной атрыбутыкі прайшоў у Гродне ў чацвер 19 мая ў Loft House Cafe. У сяброўскай атмасферы больш за дзесятак аматараў калекцыянавання размаўлялі, мяняліся і слухалі невялікую лекцыю на тэму піва.


Ініцыятыва “Гродзенская піўная ліга” паўстала ў пачатку 2016 года. Аматары пеннага напою ўжо некалькі разоў збіраліся каб знаёміцца ды праводзіць агульныя дэгустацый. На чарговую сустрэчу ўпершыню запрасілі і калекцыянераў піўной атрыбутыкі.

 

На першай у горадзе сляпой дэгустацыі гарадзенцы выбралі лепшы портэр

 

 

Дзмітрый Пазднякоў у горадзе лічыцца адным з самых буйных калекцыянераў піўных пробак. У яго калекцыi болей за 5000 розных крышачак.


“Усё пачалося 16 гадоў таму, калі я яшчэ быў у арміі. Як прыйшоў, то пачаў сур’ёзна збіраць пробкі. Я люблю падарожнічаць і піць піва, таму калекцыянаваць мне яшчэ прасцей. Пачаткова збіраў i этыкеткі ад піва. Але пасля сканцэнтраваўся менавіта на пробках. У асноўным я сам п’ю піва, але бываюць выпадкі, што пробкі прыносяць мне сябры і знаёмыя”.


 

На сустрэчу Дзмітрый прынёс толькі малую частку сваёй калекцыi. Гарадзенец ганарыцца менавіта беларускімі пробкамі, якія ў свой час выпускаліся ў малай колькасцi.


“Зараз у Гродне, каб набыць піва і каб у мяне не было той крышкі – вельмі цяжка. Але часам нешта трапляецца рэдкае. Так, некалькі гадоў таму да мяне патрапіла фарфоровая пробка гарадзенскага піва, якое выпускалася ў час вайны”.

 

Калекцыянера апошнім часам разчароўвае “Лідскае піва”, якое на свой 140-гадовы юбілей здолела зрабіць толькі прыгожую бутэльку, а вось пра адпаведную пробку бровар не падумаў.

 

 

Пакуль многія разглядалі калекцыi, прадстаўнікі “Гродзенскай піўной лігі” распавядалі пра гісторыю бірдэкеляў (падставак пад піва) і піўных куфляў. Аказваецца, у Гродне ёсць людзі, якія і іх збіраюць. Праўда, калекцыі ў іх пакуль не вельмі вялiкiя.

 

Пётр Зенчык калекцыянуе этыкеткі яшчэ са школьных гадоў, у яго калекцыі болей 3000 розных этыкетак.

 

“Крыўдна, што гарадзенскі піўзавод зачынілі. А зачынілі яго за тры месяцы да 120-годдзя. Уяўляеце, як нам калекцыянерам крыўдна, бо мы не дачакаліся новых юбілейных этыкетак. Але зачыніліся ў Гродне, падняліся ў Лідзе. Там з этыкеткамі праблем няма, заўсёды з’яўляюцца новыя і вельмі цікавыя”.


 

Ёсць у калекцыі Пятра некалькі ўнікальных этыкетак, якімі ён вельмі даражыць – калекцыя гарадзенскага піўзавода 1950-х гадоў, гарадзенская этыкетка пачатку XX стагоддзя і 1930-х гадоў. Такія асобнікі каштуюць ад 100 долараў.

 


“Усе этыкеткі ў мяне розныя, паўторы мне не патрэбныя – яны калекцыю не ўпрыгожваюць. У мяне толькі Лідскіх каля 1600, а ўся калекцыя налічвае больш за 3000 штук”.

 

Пётр пачынаў піць піва яшчэ ў школьныя гады, тады этыкетку ад кожнай выпітай новай бутэлькі ён клеіў у сшытак.


“Спачатку так фанацеў, што збіраў на вуліцы бутэлькі, каб зняць этыкеткі. Памятаецца, летам а шостай раніцы прыходзіў на кар’еры і там знаходзіў шмат унікальных бутэлек. Піў і рабіў усё дзеля калекцыі – цяпер ёсць чым ганарыцца”.


align=”” width=”725″ height=”481″ >

 

На наступнай сустрэчы “Гродзенская піўная ліга” хоча зладзіць форум хатніх півавараў. Магчыма, на сустрэчы будуць і гарадзенскія гісторыкі, якія раскажуць пра гісторыю піваварства ў Гродне.

 

“Аказваецца, увесь час я варыў крафтавае піва!” Гарадзенец пра хатні бровар і адкрыцці ў піваварэнні


Фота: Наста Мальчык