“На гродзенскім бруку” Вашкевіча і Саяпіна – кніга, якая зацягвае бы вір

|

 

Раз-пораз адкрывала кніжку з любога месца і чытала, заглыбляючыся ў магію гарадзенскай штодзённасці мінулага. Жаданню глыбока чытаць супярэчылі парывы цікаўнасці – а што ёсць яшчэ? У пэўныя моманты яны перасільвалі – я зноў адкрывала кніжку з новага выпадковага месца і зноў натрапляла на скарб. Добра забытае старое пачынала іграць новымі фарбамі, прывідамі паўставалі зніклыя сёння, але бачаныя яшчэ на ўласныя вочы будынкі ці рэчы, узгадваліся знаёмыя смакі і водары.

 

Андрэй Вашкевіч: Гарадзенская прамысловая традыцыя мае вялікі брэндавы патэнцыял

 

Вось гарадзенскае піва – для многіх яшчэ зусім не гісторыя, а ўласныя ўспаміны. Праца мясцовага бровара была спынена толькі ў 2007. Гарадзенскія аматары пеннага напою напэўна ўзгадаюць смак “Казырнага” ці нават “Жыгулёўскага” чытаючы старонкі пра піўзавод. Мяне ж асабіста кранула, што піва ў Гродне здаўна пілі і заўсёды хаялі. “Тое, што нам падаюць апошнім часам з такім жа поспехам магло б называцца дажджавой вадой ці рыбіным тлушчам” – падаецца, што прыведзеная ў кнізе цытата з з фельетона ў “Беластокскім штодзённіку” не страціла актуальнасці і для сучасных піўных гурманаў горада.

 

 

Салодкі прысмак ХХ стагоддзя адзначаны ў кнізе цукеркамі гарадзенскай вытворчасці – “Карамель памадная”, “Ракавыя шыйкі”, “Крэм-яблык” і нават, як ні бянтэжыць сёння гэта назва – “Радый”. У “дачарнобыльскую” эпоху радыёакыўныя элементы лічыліся карыснымі, кажуць аўтары і прыводзяць тагачасны рэкламны слоган адной з нямецкіх кампаній: “Мільён дробненькіх промняў для ўсёй сям’і”. Сёння гучыць далёка не адназначна, але адчуванне эпохі перадае як найлепш.

 

 

Вытворчасць карт Лапіных аўтары таксама не абмінулі ўвагай. “Калі друкавалі карты – цэлая калода памяшчалася на адзін ліст – адмысловы чыноўнік назіраў за працэсам і ставіў на лісце ўласную пячатку”, – расказваў Андрэй Вашкевіч пад час прэзентацыі. Такім чынам гарантавалася, што карты не падробленыя ці “краплёныя” і маглі выкарыстоўвацца ў гульнёвых дамах. Таксама гэта дапамагала падлічваць велічыню падаткаў.

 

 

Віктар Сяпін у сваім выступе ўзгадаў, што адной з нечаканых знаходак для яго стала інфармацыя пра гарадзенскі малаказавод. “Аказалася – і пра гэта ўзгадвалі ў сваіх справаздачах нават абласныя партыйныя чыноўнікі – што абсталявалі завод немцы ў час акупацыі. У паваенны час яшчэ доўга карысаліся тымі магутнасцямі”.

 

 

Даследчык вуснай гісторыі Алесь Смалянчук запытаўся пад час прэзентацыі, ці знайшлося ў кнізе месца на вусныя ўспаміны. Аказалася, што гартаючы старонкі можна пачуць быццам ужывую галасы даўняга Гродна. Напрыклад, Зоська Верас распавядае тут пра кнігарню Левандоўскага, а Міхась Васілёк чытае ўласныя радкі, што “Век дваццаты, век харашы, Толькі б грошай, эх бы грошай”. Зараз жа, са словаў Андрэя Вашкевіча, праца па зборы ўспамінаў сведкаў часу працягваецца. Найбольш актуальна паспець пагаварыць з тымі людзімі, што працавалі на гарадзенскіх прадпрыемставх пад час вайны і ў пасляваенны час.

 

 

Расповед пра гарадзенскую фабрыку цацак (каторы ў кнігу не ўвайшоў) Вашкевіч пачаў з дэманстрацыі яе эмблемы – зайца на ровары, а скончыў уласнымі дзіцячымі ўражаннямі пра гарадзенскія цацкі: “Яны былі такія плюшавыя, вельмі “смачныя”, прыемна было малым смактаць іх за вушы ці за лапы”. У гэтым месцы мяне таксама “накрыла” ўспамінамі. Я, хоць у трохі старэйшым веку сустрэлася з гарадзенскімі мяккімі цацкамі, але адчуванне прахалоднага і нібы вільготнага плюшу на пальцах адчула ў той момант як сапраўднае.

 

Пераказваць кнігу няма сэнсу, казалі аўтары ў канцы выступлення. “Чытайце. Там яшчэ шмат цікавага. І пра камунальную гаспадарку, і пра вадаправод. Рэтраспектыва – ад ХVII стагоддзя да нашых дзён”.

 

 

Што да меркаванняў тых, каму пашчасціла прачытаць кнігу раней, чым яна пабачыла свет, то гісторык Ігар Трусаў адзначыў вельмі глыбокую працу з гістарычнымі крыніцамі: “Прыходжу ў архіў, бяру тэчку з дакументамі, а там пазначана – тым днём карыстаўся Вашкевіч, другім – браў Саяпін. Тут ілгаць немагчыма. Матэрыял вельмі добра прапрацаваны з пункту гледжання архіўных дакументаў і таксама ілюстрацый”.

 

 

Краязнаўца Наталля Канюк, што займаецца адраджэннем батанічнага саду Жылібера, таксама зазначыла важнасць і каштоўнасць такіх гарадзенскіх даследванняў.

 

 

Калі ж у канцы імпрэзы аўтары нарэшце знайшлі хвіліну каб паразмаўляць не толькі з чытачамі, але і з выдаўцом, Аляксандрам Рыжым, што ўзначальвае друкарню ЮрСаПрынт, задаю ім толькі адно пытанне: ці зараз клапоцяцца яны ўсе разам пра тое, каб захаваць для будучых даследчыкаў гарадзенскай прамысловасці інфармацыю пра гэту друкарню?

 

“З пункту гледжання прамысловасці ніякіх асаблівасцяў тут даследчыкі не знойдуць, – кажа Андрэй Вашкевіч. – Але, напэўна, для іх будзе цікавай грамадская каштоўнасць гэтай друкарні”. Сам жа Аляксандр Рыжы паабяцаў да наступнай прэзенацыі падрыхтаваць (“як будзе час”) страваздачу аб дзейнасці выдавецтва – колькі кніг па краязнаўстве, якіх аўтараў і якімі накладамі вышлі ў свет з “ЮрсаПрынт” за апошнія пяць гадоў.

 

 

Застаецца толькі дачакацца наступнай сустрэчы. Яна мае адбыцца недзе ў верасні, калі будзе скончана праца над чарговай кнігай Віктара Саяпіна пра паваенны час у нашым горадзе “Гродна і гарадзенцы. Трыццаць гадоў у сярэдзіне ХХ стагоддзя”.