Вандроўка па старым Гродне. Частка VIII. Ад Губернатарскай плошчы да вуліцы Ажэшкі
Перад намі адзін з будынкаў, узведзеных у часы гарадзенскага старасты. З 1880-х гг. да пачатку ХХ ст. тут размяшчалася гарадзенская акружная бальніца. Франтон на будынку – яўная дабудова ХІХ ст., цяпер ён адсутнічае і будынку вернуты першапачатковы выгляд.
Гродзенскі тэатар выглядае таксама як і цяпер, чаго не скажаш пра наваколле. Без вялікай на тое патрэбы ў 1970-х гг. зруйнавалі дом Вірыёна (злева), дзе раней жылі акторы тэатра. Будынак часоў Тызенгаўза не захаваўся, а гэты – узведзены ў першай палове ХІХ ст.. У час апошняй рэканструкцыі над будынкам ізноў паставілі псеўдарускія шатровыя вежачкі, што ў найвышэйшай ступені спрэчна, бо ў канцы ХІХ с. іх паставілі на класіцыстычны будынак падчас нейкай перабудовы.
Гэта адзін з самых таямнічых аб’ектаў імперскай эпохі. На вялікі жаль, краязнаўцы пакуль не могуць даць адказу – дзе знаходзіўся летні тэатар. Пэўна, дзесці ў раёне сучаснага парка Жылібера.
Вялікая плошча на вуліцы Сапёрнай (так раней назывался вуліца Дзяржынскага). Пасярэдзіне пабудаваны ў 1904 г. Народны Дом, а справа будынкі Тызенгаўза – ацалелы дасёння лямус і карэтныя каля яго, што не захаваліся. Далей драўляныя дамкі, дарэчы за Народным Домам домік інжынера Івана Савельева, які кіраваў узвядзеннем гродзенскага Свята-Пакроўскага сабора.
Яскравы прыклад цаглянай эклектыкі – Народны дом, будынак не менш цікавы, чым знесеная нядаўна казарма на вуліцы Гая. Народны дом утрымліваў масу розных установаў: бібліятэку-чытальню, тэатар, розныя адукацыйныя гурткі. Нездарма перад будынкам стаяць навучэнцы розных установаў горада – усе апранутыя па форме.
Пачатак вуліцы Ажэшкі каля скрыжавання з Савецкай. Злева дом Вольфа. Ён захаваўся да сённяшняга дня, але вы яго не пазнаеце, бо ў 1937 годзе гэты эклектычны будынак быў перабудаваны пад банк у стылі канструктывізма. Атрымалася не горш і будынак дасюль упрыгожвае горад. Справа палац віцэ-губернатара Максімовіча да рэканструкцыі са скульптурай над порцікам. Далей будынак былой карчмы – зруйнаваны ў 1970-х гг.
З гэтай паштоўкай наагул атрымалася цікавая гісторыя. Такой паштоўкі, надрукаванай у расійскі час, не існавала. А вось немцы яе надрукавалі са старога негатыва (не менш чым дзесяцігадовай даўнасці) і выйшла так, што на нямецкай паштоўцы адлюстраваны і будынак са сцягамі Расійскай імперыі і даўно перабудаваны палац Максімовіча.
На гэтай паштоўцы палац Максімовіча мае больш звычайны выгляд, аднак за ім не ўзвышаецца, як цяпер, гаргара аблвыканкама. Забудова насупраць аблвыканкама – невялікія драўляныя дамы, адзін з якіх належаў Урублеўскай – сваячніцы знакамітага паўстанца Валерыя і фізіка Зыгмунта. Дом гэты ў 1957 годзе перанеслі на Маслабазу і недзе там ён стаіць да сённяшняга дня. На ходніках людзі, па вопратцы якіх можна высветліць іх сацыяльны статус (хусткі або капелюшы, сюртукі або больш простыя лапсардакі).
На гэтай паштоўцы (зроблена з неіснуючага цяпер балкона гасцініцы “Беласток”) найперш просім звярнуць увагу на газавы ліхтар – ягоны цікавы механізм, а таксама на гарадзенак, якія адпаведна з тагачаснай модай гулялі з парасонамі пад сонцам. Загарэлай было быць не модна, скура паненак павінна была быць белай, а сялянкі ўжо маглі быць і загарэлыя.
Падобны від на паштоўцы 1985 года
Здымкі Яна Лялевіча
Папярэднія выпускі “Вандроўкі па старым Гродне”
Частка ІІ. Станіславова, Алея Кахання, Сабачая горка Частка ІІІ. Кірха, Аляксееўскае вучылішча, Вайсковы сабор |
||